Лявон Вольскі. Зіма ў краіне сьветлага заўтра (аўдыё)
682 / 0
26.03.2019

Лявон Вольскі. Зіма ў краіне сьветлага заўтра (аўдыё)

У новым туры на TuzinFM Лявон Вольскі прэзэнтуе песьню «Зіма», якая зьяўляецца пераломнай у альбоме «Гравітацыя», бо зь яе пачынаецца глябальнае расчараваньне героя.

Менавіта «Зіму» Лявон вылучыў для ўдзелу ў чарце на TuzinFM. «Гэтая песьня стаіць у самай сярэдзіне «Гравітацыі». Песьня пераломная, бо зь яе пачынаецца глябальнае расчараваньне героя. Сканчаецца юнацтва зь ягоным максымалізмам, бунтарствам і рамантычным стаўленьнем да жыцьця. Пачынаецца дарослае жыцьцё, і герой раптам бачыць, што яно жорсткае і, мала таго, яго падманулі. Абяцалі адно, а ў выніку вымалёўваецца зусім іншая, непрывабная, карцінка», – зазначыў музыка з нагоды прэзэнтацыі песьні ў аўдыёчарце. Неўзабаве будзе прэзэнтаваны кліп на «Зіму».

«Зіма» выстаўляецца на «Тузіне» на наступны дзень пасьля таго, як Лявона разам з паплечнікамі – Зьмітром Вайцюшкевічам, Ігарам Варашкевічам і Паўлам Аракелянам затрымалі перад імправізаваным выступам у гонар Дня Волі. «Цяпер словазлучэньне «Дзень Волі» набыла для нас новы сэнс», – іранічна камэнтуе музыка гэтае здарэньне пасьля вызваленьня з пастарунку і дзякуе ўсім, хто хваляваўся і дапамагаў.  У бліжэйшы час Вольскі мяркуе зладзіць сольны акустычны канцэрт. За навінамі выканаўцы можна сачыць праз афіцыйную суполку.

На загалоўным фота: Лявон Вольскі напярэдадні затрыманьня на вул.Камсамольскай

TuzinFM, фота svaboda.org

Lavon VolskiZima (музыка і словы Лявона Вольскага).

Jany

Nam abiacali śvietłaje zaŭtra.

Nam abiacali sonca i dziciačy śmiech.

Many

Stupień my bačym tolki zaraz.

Kali paŭsiul lažyć na paru metraŭ śnieh.

Zima

Ŭ krainie śvietłaha zaŭtra.

Z vačej strumieniać ślozy, i zahłuch mator.

Niama

Niama ŭžo što ciapier kazać tut.

Kliknuć chaciełasia, hołas zamior.

Hladzi –

Jak nieabsiažna ŭsio zaniesła.

Kudy ni kinieš – marazy, ildy, śniahi.

Siadzim

I palim łožki i kresły,

Kab pratrymacca niejak dzień-druhi.

Zima!

Chacia nam abiacali leta.

Z vačej strumieniać slozy, i zahłuch mator.

Darma

Pavieryli my va ŭsio heta.

Kliknuć chaciełasia, hołas zamior.

Kamu,

Kamu nam skardzicca i malicca?

Niama nikoha, kab davierycca jamu.

Hladžu:

Nu, što jašče spalić z palicy? 

Tam dysk “Nana” i knižačka “Mumu”.