29 сакавіка будзе названы пераможца «Засьпявай-5» (аўдыё+апытаньне)
656 / 0
26.03.2019

29 сакавіка будзе названы пераможца «Засьпявай-5» (аўдыё+апытаньне)

На выніковым канцэрце пятага сэзону конкурсу маладых выканаўцаў, які праводзяць партал TuzinFM.by і фонд «Вяртаньне», можна будзе пачуць жыўцом усіх трох фіналістаў. А ў якасьці гасьцей выступіць «Eryk i Ja», новы праект лідэра гурта TonqiXod Уладзя Лянкевіча.

Фіналісты сёлетняга конкурсу былі адабраныя з 25 прэтэндэнтаў паводле дэма-запісаў, якія яны зрабілі на вершы сучасных беларускіх паэтаў і жывога праслухоўваньня. Яны ўзялі ўдзел у адукацыйнай сэсіі, далі канцэрты пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і атрымалі магчымасьць дарабіць у студыі і прэзэнтаваць канчатковую вэрсію конкурснай песьні.

23-гадовы вакаліст Павал Козіч і 26-гадовы клявішнік Ціхан Букраба разам з струнным трыё запісалі песьню «Трамвай» на верш Антона Рудака. 22-гадовая Алеся Друк з электроннага праекту Maximalism выканала песьню «Фрагмэнты» на словы Ганны Комар. А 21-гадовы Раман Волазьнеў напісаў музыку да верша Мікіты Найдзёнава «Салёныя сны».

Прагаласаваць у суполцы TuzinFM за найлепшую песьню «Засьпявай-5»

Кожны з фіналістаў сыграе 30-хвілінны сэт на выніковым канцэрце «Засьпявай-5», які пройдзе 29 сакавіка ў новым менскім клюбе «Berlin». Пры канцы імпрэзы будзе названы пераможца, які атрымае грашовы прыз у памеры 1500 рублёў на рэалізацыю сваіх далейшых творчых задумаў.

«Хто б ні атрымаў галоўны прыз, ужо цяпер можна сказаць, што кожны зь фіналістаў застаўся ў выйгрышы: Maximalism пасябравалі з паэткаю Ганнай Комар і працуюць разам па-за конкурсам. Паўла Козіча і Ціхана Букраба конкурс падштурхнуў да стварэньня аўтарскага праекту і яны на ўздыме стварылі яшчэ некалькі кампазыцыяў. Для Рамана Волазьнева конкурс стаў нагодай зьвярнуцца да сучаснай паэзіі і выканаўца зьбіраецца працягнуць шлях у гэтым кірунку. А ўсе мы па выніку атрымалі тры новыя выдатныя беларускія песьні», — кажа прадусар конкурсу Сяргей БудкінУ журы конкурсу сёлета ўвайшлі сьпявачка і пэдагог Ірэна Катвіцкая, музыка Алег Хаменка, саўндпрадусар Андрэй Акатаў, кампазытарка і сьпявачка Натальля Куніцкая, музыка Алесь-Францішак Мышкевіч, кіраўнік фонду «Вяртаньне» Павал Бераговіч.

Адмысловымі гасьцямі на фінальным канцэрце «Засьпявай-5» стане гурт «Eryk i Ja», які заснаваў паэт і сьпявак Уладзь Лянкевіч (TonqiXod) разам з мультыінструмэнталістам Эрыкам Арловым-Шымкусам (ili-ili, Harotnica mix, раней Vuraj, Паліна Рэспубліка). Квіткі ў папярэднім продажы па 10—15 руб. можна набыць на Beskassira.by. Адмыслова для наведнікаў TuzinFM 26 і 27 сакавіка дзейнічае 50% зьніжка на квіткі па прома-кодзе «tuzin2019».


TuzinFM