Гурту Naka — 15 гадоў: тузін цікавых фактаў, фота і песень (аўдыё)
1421 / 0
16.04.2019

Гурту Naka — 15 гадоў: тузін цікавых фактаў, фота і песень (аўдыё)

Гурт Naka сёлета сьвяткуе 15-годзьдзе дзейнасьці. Напярэдадні юбілейнага канцэрту TuzinFM сабраў цікавыя факты пра каманду Насты Шпакоўская і склаў топ-12 беларускамоўных песень гурта.

Першыя песьні

Сваю першую праграму Наста Шпакоўская сачыніла за… суткі. Вырашана было сабраць музыкаў, адрэпэтаваць ды выступаць з канцэртамі. Назва камандзе дадзеная па дзіцячым прозьвішчы Насты, што пайшло ад выразу: «дай-ка! — нака!». Упершыню публічна свае песьні гурт зайграў у клюбе «Графіці». А неўзабаве яны былі зафіксаваныя ў студыі — для дэбютнага альбому «Тебе».

Naka ў клюбе «Rock House», Менск, травень 2008 году, фота Васіля Рэмюнюка

Першы посьпех

Прыйшоў акурат з выхадам альбома «Тебе» і з актыўнай канцэртнай дзейнасьці каманды. З 2005 году беларускі гурт паўдзельнічаў у шэрагу буйных фэстаў у Расеі ды Беларусі: «Окна открой», (Санкт-Пецярбург), «Крылья» (Масква), «Нашествие» (Маскоўская вобл.), «Cтарый новый рок» (Екацярынбург), «Рок за Бобров» (Менск) ды іншыя. Але, што цікава «Тебе» так і ня выйшаў у Расеі, няледзячы на папярэднія дамоўленасьці з тамтэйшымі кампаніямі.

Naka выступае на фэсьце «Нашествие», 2011 год

Naka і кліпы

За 15 гадоў гурт выдаў больш за 15 кліпаў, але ня ўсе зь іх пабачылі гледачы. Былі зьнятыя, але ня выйшлі кліпы на песьні «Под одеялом» (рэж. Юры Стаюнічаў) і «Беги» (рэж. Б. Драбязка), бо не былі прынятыя гуртом. Найбольш па часе ішоў да гледача кліп на песьню «Фабрика звёзд», праца над якім пачалася ў 2006 годзе, а прэзэнтаваны ён быў у 2010-м. Ягоная адметнасьць у тым, што над ім працавалі ажно 5 рэжысэраў. Сярод аўтараў кліпаў для гурта — Андрэй Кудзіненка, Макс Сіры, Арцём Лобач, Аляксандар Канановіч, Аляксандар Алейнікаў, Наста Шастак і Данііл Жугжда, Юлія Рудзіцкая ды іншыя. У некалькіх кліпах у якасьці рэжысэркі выступіла сама Наста.

Дзяніс Тарасенка і Наста Шпакоўская на здымках кліпу да песьні «Бяжы» («Беги»)

Naka і Троіцкі

Гурт быў заўважаны і адзначаны музычным крытыкам Арцеміям Троіцкім на інтэрнэт-фэсьце MuseON (2005). Дзякуючы яму песьня «Мой герой Т.Б.» трапіла ў ратацыю ў Расеі. Аднак другі альбом каманды «Пора» яго расчараваў і ён ня ўзяўся паспрыяць ягонаму распаўсюду. Мэнэджар гурта Андрэй Ісачэнка кажа, што тлумачэньне было такое: крытык не пачуў слова «х…й» ні ў адной песьні з альбому. На тым супраца згарнулася, аднак слова «х…й» у песьні Naka прагучала, праўда на 10 гадоў пазьней.

Запіс другога альбому Naka «Пора», 2008 год, Масква, фота Наталіі Войніч

Naka і кіно

Песьні гурта гучаць у фільмах: «Дасьціш фантастыш» (рэж. А. Канановіч, песьня «Клочьями»), «Ошибки любви» (рэж. М. Можар, песьня «Ложь»), сэрыяле «Дом надежды» (рэж. А. Даруга, песьня «Пра любоў»). Акром таго, музыка Naka была скарыстаная ў стужцы «Держись за облака» («Беларусьфільм»), але яна так і не пабачыла сьвет, бо была замарожаная на рашэньне самой кінастудыі.

Канцэрт у клюбе «Рэактар» з нагоды выхаду фільму «Дасьціш фантастыш», 2010 год

Naka і Плошча

У выніку разгону акцыі пратэсту ў 2010 годзе гітарыст гурта Аляксандар Лантух апынуўся ў турме на Акрэсьціна. Нягледзячы на хадайніцтва ад гурта, яго адлічылі з БДУІР. Аляксандар зьехаў за мяжу і скончыў з адзнакаю Варшаўскі ўнівэрсытэт. Наста Шпакоўская напіша пад уражаньнем ад тых падзеяў песьню «Всех забрали», у выніку чаго гурт на некаторы час апынецца ў «чорных сьпісах».

Канцэрт Насты Шпакоўскай і Ірыны Кліменкі, прысьвечаны ахвярам тэракту ў менскім мэтро, Loft Café, 2011 год. Надпіс на цішотцы ў Насты з перакрэсьленым Чабурашкам «Яго таксама забаранілі», намёк на негалосныя «чорныя сьпісы», якія зьявіліся пасьля Плошчы-2010

Naka і «Басовішча»

За 15 гадоў гурт аніводнага разу ня выступіў на фэстывалі музыкі маладой Беларусі, хоць музыкі штогод заяўлялі пра сваю гатоўнасьць сыграць. Толькі ў 2015-м Naka, справіўшы 12-годзьдзе, трапіла ў конкурс маладых гуртоў, але па выніку паездку ў Польшчу адмяніла.

Наста Шпакоўская, 2013 год

Naka і дуэты

Гурт запісваў свае песьні разам зь Зьмітром Вайцюшкевічам, Янам Маўзэрам, Сьветай Бень, Ганнай Хітрык, Стасам Мытнікам. Нядаўна пабачыў сьвет кліп на песьню «Я буду жить», якую Наста Шпакоўская выканала разам з Аляксандрам Ільіным зь Nizkiz і Алесем Лютычам з :B:N:. У якасьці запрошанай вакалісткі Наста сьпявала ў песьні гурта ili-ili«Мядзьведзіца» і «Cкоро все е…нется» расейскага гурта «Барто».

Таксама маглі адбыцца, але з розных прычынаў не адбыліся, дуэты: зь Сяргеем Міхалком («Во чреве кита»), зь Юрыем Шаўчуком («Обочины»), з Андреем Хлыўнюком («Пра любоў»), Ганнай Хітрык ( «Я буду жить»), зь Лявонам Вольскім («Пагоня»).

Наста Шпакоўская падчас запісу песьні «Пра любоў», 2015 год

Naka і беларуская мова

Першапачаткова гурт выконваў песьні выключна па-расейску і прэзэнтаваў сябе як «расейскі рок зь Беларусі». Першы свой трэк па-беларуску музыкі прэзэнтавалі на «Тузіне Гітоў» у 2008 годзе. Гэта была песьня «By You», на якую праз 4 гады быў створаны пясочны кліп. Другую песьню музыкі меліся стварыць у межах праекту «Тузін.Перазагрузка». Першапачаткова для працы быў абраны твор «Дорога», але кампраміс з аўтарам беларускага перакладу Глебам Лабадзенкам ня быў дасягнуты. Таму была падабраная іншая песьня ды іншы суаўтар. Такім чынам у рэпэртуары гурта зьявілася песьня «Бяжы» ў перакладзе на беларускую Сяргея Балахонава. Яна стане самай вядомай і папулярнай песьняй гурта. У 2016 годзе гурт запіша цалкам беларускамоўны альбом «Мая малітва».

Прэзэнтацыя альбому «Довольна», Менск, 2013 год

Naka і паэзія

Большасьць тэкстаў да песень гурта стварыла Наста Шпакоўская. Але гурт таксама ствараў музыку на словы Фэдэрыка Гарсія Лёркі, Яўгеніі Янішчыц, Ганны Ахматавай, братоў Стругацкіх, Алеся Плоткі, Валерыя Маракова, Янкі Купалы. За інтэрпрэтацыю твора «Песьняроў» на словы Купалы «Малітва» кампазытар Алег Моўчан падаў на гурт ў суд і выйграў яго.

Наста Шпакоўская ў ню-фотасэсіі за свабоду творчага выяўленьня, 2015 год

Naka і склад

Касьцяк гурта складаюць Наста Шпакоўская (вакал, клявішы) ды Ірына Кліменка (клявішы, акардэон). Усе астатнія музыкі цягам 15 гадоў зьмяняліся. Агулам праз гурт прайшло 27 музыкаў: 3 клявішнікі, 6 бубначоў, 7 бас-гітарыстаў і 11 гітарыстаў. Сярод вядомых музыкаў, якія гралі ў гурце: Алесь-Францішак Мышкевіч (Volski, «Ляпіс-98»), Сяргей Шчурко (J:Морс), Павал Трыпуць (Volski), Аляксей Паўловіч (раней — Ulis, «Новае неба», Indiga, цяпер — Atesta), Зьміцер Харытановіч (:B:N:, Pomodor/off, Drum Exstasy) ды іншыя.

Гурт Naka, 2014 год

Супольныя і сайд-праекты

Наста Шпакоўская брала ўдзел у шэрагу супольных музычных праектаў. Для праекту «(Не)расстраляныя» яна стварыла музыку на верш Валерыя Маракова. Для праекту «Re:Песьняры» да 45-годзьдзя «Песьняроў» гурт стварыў сваю вэрсію «Малітвы», якую суаўтар кампазыцыі забараніў да выкананьня. Тым ня менш яна была выдадзеная па-за праектам. А для праекту «Апошні золак» сьпявачка напісала адмысловую песьню «Памылка». Акром таго Наста і Ірына Кліменка маюць сайд-праект Naka Piano, у якім песьні гурта гучаць у камэрным фармаце.

Глядзець жывы сэт Naka у Belsat Music Live

Юбілейны канцэрт рок-гурта NAKA адбудзецца 30 красавіка ў клюбе «Брюге». У ім прагучыць найлепшае са зробленага за 15 гадоў. Квіткі ад 15 руб. можна набыць на Bezkassira.by або замовіць па тэлефоне +375 25 996-93-76.

На загалоўным фота: Наста Шпакоўская на прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры», 2014 год, фота Валянціна Хасяневіча

TuzinFM, фота з афіцыйнага сайту гурта