Gleboki Smak. Так гучыць сучасны беларускі рэп (аўдыё/відэа)
1549 / 0
29.04.2019

Gleboki Smak. Так гучыць сучасны беларускі рэп (аўдыё/відэа)

Gleboki Smak у інтэрвію парталу TuzinFM распавёў пра працу за рэспэкт, сваю аўдыторыю ды пра дэбютны альбом, які ўздымае беларускамоўны рэп на якасна іншы ўзровень.

Альбом «Drenny ton» — безумоўная падзея ў беларускай музыцы хоць бы з той прычыны, што ў час усеагульнага захапленьня рэп-музыкай колькасьць беларускамоўных рэлізаў у апошнія гады імкнецца да нулю. Бадай што самы вядомы беларускамоўны рэпэр Vinsent пасьля прэзэнтацыі свайго дыску «Vir» (2016) і шэрагу забаронаў зноў зьехаў у Польшчу, нагадаўшы пазалетась пра сябе толькі трэкам «Мэтрапалітэн» у праекце «(Не)расстраляныя». Іншыя яркія беларускамоўныя рэпэры таксама зь цягам часу растрачвалі свой імпэт. SP Kava пасьля выданьня рэлізу «яМы» (2015) нічога больш не паказаў. Цяпер ён жыве ў Празе. Аўтар адной з самых яркіх песень 2015-га году «Няма каханьня» Angst  дагэтуль ня выдаў дэбютны альбом. Асаблівай актыўнасьці пасьля выхаду альбому «Коска» (2014) ня выявіў Zeman. Гурт Belaroots, куды ўваходзяць той жа Angst і Zeman, пасьля выхаду дэбютнага альбома «Аднакарэнныя» (2017) апынуліся былі на мяжы распаду, але ацалелі. Нядаўна яны паказалі першы трэк пасьля доўгага зацішша. Раз-пораз нагадвае пра сябе рэпэр Антось Звычайны. Пасьля альбому «бел.літ. х змрок» (2017) ён вызначыўся трэкам «Мёртвыя кветкі», фітам з расейскім рэп-праектам «найтивыход». І гэта быў пераказ практычна ўсіх падзеяў у беларускамоўнай рэп-музыцы за апошнія 5 гадоў. Пра канцэрты, ды яшчэ пасьпяховыя, гаворкі не вядзецца наогул.

Gleboki Smak таксама меўся быць у ліку тых, хто падаваў надзеі і застаўся ў гісторыі. У 2011 годзе ён перамог на фрыстайл-батле Street Awards, а ў 2013 годзе прэзэнтаваў на TuzinFM свой першы трэк «Шлях да майго дому» ды зьнік з далягляду акурат у той час, калі прыйшоў час рэпу. Аказалася, што гэтыя пяць гадоў ён займаўся самаўдасканаленьнем — працаваў над голасам, тэкстамі, рэчытатывам, каб урэшце зрабіць такі прадукт, які ня сорамна паказаць. Толькі што выканаўца прэзэнтаваў дэбютны альбом «Drenny ton» і кліп «Цыганка».

Глеб Хамутоў, аўтар праекту Gleboki Smak, пачынае размову з ацэнкі сытуацыі. «Рэп у Беларусі цудоўна разьвіваецца. За апошні час зьявілася шмат новых асобаў. А вось калі казаць пра рэп на беларускай мове, то тут усё сумна. Я за дзесяць гадоў ня чуў нічога, пра што б мог сказаць „крута“, параіць іншым. Усё ня ў касу. Але ж ёсьць Gleboki Smak! Больш вам ніхто не патрэбны. Павер».

«Гэты альбом для мяне вельмі важны, ён першы. Шмат гадоў я ішоў да гэтага. Апроч іншага, выправіў дэфармаваны голас, паставіў вакал, нават прайшоў празь дзьве складаныя апэрацыі на нос. Я пастараўся зрабіць штосьці асаблівае, якаснае, штосьці крутое, чаго не было раней. Вось ты чуў калі-небудзь беларускамоўны рэп пра траву альбо клясычнае аўтра?» — распавядае Глеб пра сваю працу.

Выканаўца кажа, што яму хацелася паказаць, што рэп на беларускай мове — не зацыклены на палітыцы і чымсьці выключна нацыянальным, што ён можа гучаць па-сучаснаму, быць модным. Ягоны альбом закранае розныя тэмы, а трэкі зробленыя з разьлікам на розныя групы. Так, «Фіранкі» — скіраваны найперш на рэп-тусоўку. Ён запісаны ў дуэце з рэпэрам  Музаскатам, для якога гэтая праца стала беларускамоўным дэбютам. А прысьвячае яго рэпэр усім незаконна асуджаным па артыкуле 328. Трэк «Піцерскі Скарына» — на эмігрантаў. Ідэю Глебу падказаў рэпэр Tom Nave. А ў трэку «Ліхтарык» узяў удзел іншы айчынны рэпэр — Speaker Trey. Адна з задачаў на будучыню, якую ставіць перад сабою Gleboki Smak — завабіць крутых выканаўцаў зрабіць нешта па-беларуску. «Ад многіх цудоўных беларускіх рэпэраў чую пра такое жаданьне. Хачу быць галоўным сватам у гэтым пытаньні».

«Наогул жа пытаньні пра аўдыторыю заўсёды ставяць у тупік. Я не пішу трэкі з думкаю пра мэтавую аўдыторыю. Я іх проста пішу, можа быць гэта касяк з майго боку. Стараюся зрабіць крута, як ідзе знутры, а ўжо потым думаю, хто будзе гэта слухаць. Але мая музыка дакладна не для дзевачак-падлеткаў, якіх кінуў хлопец, саран. Хутчэй гэта мужчынская аўдыторыя, бо альбом даволі грубы. Я хацеў паэкспэрымэнтаваць з новым голасам, такая стылістыка абраная невыпадкова», — тлумачыць рэпэр.

Пакуль рэп для Глеба — хобі, якое ён вельмі марыць зрабіць прафэсіяй. «А пакуль працую за рэспэкт. Проста хачу больш фідбэку».

Дэбютнік Глеба ўжо атрымаў нямала станоўчых камэнтароў ад слухачоў. Неўзабаве выканаўца зьбіраецца прэзэнтаваць новае відэа і кажа, што ягоны «Drenny ton» гэта пачатак больш вялікага праекту, які неўзабаве атрымае працяг. Сачыць за навінамі выканаўцы можна праз суполкі выканаўцы УК/FB.

TuzinFM, фота ultra-music.com з інстаграм-каналу выканаўцы