Paulinn: «Трэба верыць у сябе» (аўдыё)
637 / 0
05.06.2019

Paulinn: «Трэба верыць у сябе» (аўдыё)

Пераможцам альбомнага чарту ў 4-м туры стаў ЕР «Мадуляцыя» праекту Paulinn. Cьпявачка Паліна Цімохіна цешыцца, што слухачы прынялі яе экспэрымэнт.

511 галасоў атрымаў рэліз «Мадуляцыя» ад Paulinn. Ён апярэдзіў працу «Зьвязаны з часам» Laudans і «Гравітацыю» Лявона Вольскага ды перамог па выніках галасаваньня ў завяршальным туры гэтага сэзону. «Перамагчы хацелася, бо мы прадставілі ЕР, які стаў для нас крокам па іншай сьцежцы, і было цікава ці спадабаецца гэты экспэрымэнт іншым», — кажа лідэрка праекту Паліна Цімохіна.

Паліна прызнаецца, што актыўна галасавала сама ды заклікала аддаваць сяброў голас за сваю працу. «Адкіну сьціпласьць у бок і скажу, што па-першае лічу „Мадуляцыю“ нядрэннай працай, а па-другое, галасаванкі — таксама частка прасоўваньня артыста. Ну, і безумоўна, ты сам павінен верыць у сябе, сваю справу, распаўсюджваць гэтую ўпэўненасьць, тады і іншыя адгукнуцца».

Цяпер гурт Paulinn працуе над двума новымі трэкамі і рыхтуецца да жывых выступаў. Музыкі граюць на «Басовішчы», фэсьце Tuborg MuzOpen і ў фан-зоне Эўрапейскіх гульняў у Маладэчне. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM