Першая беларуская CD-складанка «Вольныя танцы». Інтэрнэт-прэзэнтацыя да 20-годзьдзя (аўдыё)
672 / 0
08.07.2019

Першая беларуская CD-складанка «Вольныя танцы». Інтэрнэт-прэзэнтацыя да 20-годзьдзя (аўдыё)

Згадваем праект «Вольныя танцы: слухай сваё!», які стаў першым дыскам у каталёгу лэйблу «БМА group» і першай CD-складанкай альтэрнатыўнай беларускамоўнай музыкі ў гісторыі.

Ідэя выдаць беларускую кампіляцыю прыходзіла да галавы тагачасным айчынным выдаўцам, але вырашыліся на гэты крок не буйныя гульцы «Ковчег» і «Вігма», а прыхільнікі беларускай музыкі Віталь Супрановіч і Сяржук Сахараў, якім на той час было 18—19 гадоў. Сваю ініцыятыву яны назвалі «БМА group». А складанку назвалі «Вольныя танцы» — пад уплывам ад улюбёнай сваёй песьні гурта Ulis «Танцы на даху». Выданьню дыска папярэднічала сэрыя канцэртаў па ўсёй Беларусі, які зладзіў наваўтвораны лэйбл.

Прадмова да выданьня дыску «Вольныя танцы»

Агульнае складаньне кампіляцыі заняло літаральна тры гадзіны. На зборнік трапілі прадстаўнікі розных кірункаў музыкі (рок, панк, фольк, нойз ды іншыя), як вэтэраны сцэны, так і зусім маладыя гурты. Сяргей Сахараў кажа, што калі яны пачыналі працаваць, то арыентаваліся на тых, хто слухае рок, таму што з поп-музыкай «тады быў гамон поўны». Аснова кампіляцыі — кампазыцыі ад вядучых камандаў краіны: адроджаны (як аказалася ненадоўга) «Мясцовы час» зь песьняй пра дурнаватага камандзіра, «Уліс» з вакалам Алега Тумашова, «Крама» з забароненым на ТВ і радыё «Гомельскім вальсам», N.R.M. і Кася Камоцкая прадстаўленыя нават дзьвюма песьнямі. Усе трэкі — беларускамоўныя. Выключэньне зрабілі толькі для «Нэйра дзюбэля», але і той прэзэнтаваў для складанкі зусім новую песьню з красамоўнай назвай «Belarus Uber Alles» (у будучыні яе перакладуць на беларускую).

Анатацыя да дыску «Вольныя танцы» на беларускай і ангельскай мовах

Самай вялікай праблемай была якасьць запісаў.  Сяргей Сахараў згадвае, што выканаўцы прыносілі песьні на дыскетах, і гэта было нармальна. «Шмат хто мог прыцягнуць на касэтах, нейкіх асаблівых прафэсійных касэтах, і ты проста ня ведаў, што рабіць, таму што былі праблемы зь перагонам. Вось гэта быў сапраўды такі чэлендж, як мае быць. Страшна ўзгадаць».

Cяргей Сахараў вядзе адзін з канцэртаў «Вольныя танцы», Маладэчна, 1999 год, фота Інга Пэтца

Пасьля складаньня і зьвядзеньня, якім займаўся Сяргей «Шлёма» Лабандзіеўскі. Дагэтуль беларускія дыскі калі і выходзілі, дык рабіліся ў хатніх умовах: наклад запісваўся на сваёй нарэзцы, налепка на дыск рабілася на матрычным прынтары і дыскі ішлі на продаж. Пакупнікі часьцяком іх вярталі празь нізкую якасьць запісу. Віталь Супрановіч тады пастанавіў парваць гэтае ганебнае кола. Таму што было зразумела, што музыка на дысках становіцца даступная. Касэты пры канцы 1990-х ужо адыходзілі: «Пад канец 1990-х дыскі каштавалі не 15—20$, як у 1994 годзе, пры заробку 35$. Дыскі ўжо каштавалі 2—3$, і людзі маглі іх купляць, прайгравальнікі пачалі зьяўляцца паўсюдна».

Віталь Супрановіч, 1998 год

Друкавалі наклад першай беларускай CD-складанкі ў Ізраілі. «Я ня памятаю, чаму тады не спрацавала Масква. Звычайна ўсё адвозілі друкавацца туды, бо межаў не было. Якім чынам яно тады трапіла ў Ізраіль — для мяне таямніца. Але мне падабаецца думаць, што беларуская музыка прайшла ўсе тыя межы», — кажа Сяргей Сахараў.

«Вольныя танцы» разышліся са сьвістам. Альбом належным чынам ацаніла публіка гэта быў сапраўды якасны прадукт. У сакавіку 1999 году прайшло некалькі канцэртаў-прэзэнтацыяў. Слоган «Слухай сваё» пайшоў у масы. Пасьля гэтага штогод выходзілі падобныя складанкі. Лэйбл «БМА group» пачаў актыўна арганізоўваць канцэрты і выдаваць альбомы беларускамоўных выканаўцаў ад бардаў да мэталістаў і схіляць усіх сьпяваць па-беларуску.

Задняя частка вокладкі першага дыску «Вольныя танцы»

«Мне прыемна ўсьведамляць, што мы зрабілі гэта першымі. Нармальны па якасьці дыск дазваляў папулярызаваць беларускамоўную музыку. І ў нас быў добры дызайн. Лявон Раманчык той чалавек, які даваў эўрапейскую якасьць. Было ня сорамна. Шмат каму „Вольныя танцы“ далі зразумець, што іх музыка патрэбная. Калі мы да розных выканаўцаў зьвярталіся, і пасьля яны бачылі, што іх круцілі, пра іх пісалі, запрашалі гэта было крута. „О, давайце яшчэ паспрабуем штосьці запісаць!“ – казалі. Дзіўныя наогул былі працэсы. Усё працавала не па схемах, а насуперак усяму, але працавала», — згадвае Сяргей Сахараў. Але сам ён неўзабаве сыйдзе з «БМА group» і зоймецца мэдыйным бізнэсам, а лэйбл паступова згорне дзейнасьць. Чаму ж так адбылося? «Адна з самых вялікіх праблем — тое, што мы часта ня ўмеем перадаваць веды. Гэта тычыцца любой беларускамоўнай актыўнасьці культурнай, сацыяльнай, мэдыйнай. Гэты культурны гумус, як я яго называю, ён звычайна сьціраецца на першым жа пакаленні. Але праз 20 гадоў мы ўзгадваем „Вольныя танцы“ значыць, яно сапраўды засталося ў гісторыі. Для мяне гэта самае галоўнае», — зазначае прадусар першай беларускамоўнай складанкі.

З нагоды юбілею кампіляцыя «Вольныя танцы» ўпершыню афіцыйна выкладаецца ў сеціве — на soundcloud-канале TuzinFM і ў нашай афіцыйнай суполцы «Ўкантакце».

 

На загалоўным фота: N.R.M. на прэзэнтацыі дыску «Вольныя танцы», Маладэчна, 1999 год, фота Інга Пэтца

Алёна Варанец, Сяргей Будкін, TuzinFM,