KilFil перанарадзіўся ў Fridance (пекнае live-відэа!)
2217 / 2
10.01.2014

KilFil перанарадзіўся ў Fridance (пекнае live-відэа!)

Алесь Кот-Зайцаў распавёў Tuzin.fm пра новы маскоўскі гурт, дзе ён за аўтара песень і вакаліста.

Алесь ужо больш чым год жыве між трыма гарадамі — родным Жодзіна, Менскам, дзе ў яго шмат блізкіх і сяброў, а таксама гурт BosaeSonca, ды Масквой, дзе ён вырашыў працягнуць сваю музычную кар’еру. У 2013 годзе ён быў заняты ў праекце KilFil, які запісаў дэбютны сынгл, песьня зь якога «Крылы» брала ўдзел у чарце на Tuzin.fm. Аднак, у новым годзе спадзевы Алеся зьвязаныя з новым праектам, які завецца Fridance.

«З год таму мы досыць спантанна і хутка сабралі KilFil і тады неяк адразу ж узьнікла натуральная прага нешта паказваць, прэзэнтаваць, быць заўважнымі для публікі, каб бачыць імгненны фідбэк на сваю новую музыку, — распавядае Алесь. — Але магчыма мы не ўлічылі маленькага моманту, што для таго, каб напоўніцу адчуць адзін аднаго як музыкаў, зразумець творчы падыход адзін аднаго, патрэбны час. За мінулы год мы шмат паэкспэрымэнтавалі і з музычнай часткай і з тым, як яе падаваць слухачу. У выніку намацалі тое, у чым мы сапраўды супадаем, у чым нашыя моцныя бакі і адчулі, што гэта ўжо не зусім KilFil. Таму мы з прыемнасьцю адпусьцілі мінулае і пачалі ў нейкім сэнсе з чыстага ліста, пад назвай Fridance».

Назву для гурта музыкі ўзялі з амэрыканскага ўрбаністычнага слоўніка. Літаральна яна абазначае «сымбалічны танец, які выконваецца на працоўным месцы ў гонар завяршэньня працоўнага тыдня». Алесь кажа, што па яго ўласных адчуваньнях, тое, што музыкі пачалі рабіць цяпер, больш сапраўднае і кляснае. «Ты трапляеш у іншую атмасфэру, і пішуцца зусім іншыя песьні. Гэты гурт — новы глыток паветра для мяне, новы ўсплёск адрэналіну ў пэўным сэнсе».

Fridance далі ўжо некалькі выступаў, у тым ліку на разагрэве ў сьпевака Yoav. У афіцыйнай суполцы гурта ўжо можна пачуць іх песьні, запісаныя ўжывую. У рэпэртуары расейскай з прапіскі каманды прысутнічаюць і творы па-беларуску.

«Наконт мовы, то ня маю тут пэўнага разьліку — мне пішацца і на беларускай і на расейскай, таму будуць песьні і такія, і такія. Калядна-навагодні відэаролік мы ўвогуле зрабілі на ангельскай, на кавэр Queen».

Адна з новых песень гурта мае назву «Дым». Яе Кот-Зайцаў лічыць вельмі «жывой», у пэўным сэнсе нават гітарна-каляпад’езднай. Прынамсі яму так уяўлялася падчас яе напісаньня. Таму і вырашылі музыкі прэзэнтаваць яе менавіта ў жывым выглядзе, а не ў студыйным запісе. Ролік зьняты ў краме вінілавых кружэлак «33 1/3», што ў маскоўскім арт-цэнтры «Вінзавод», нечым па атмасфэры падобным да нашай галерэі «Ў».

Сяргей Будкін, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    10.01.2014 / 16:11

    Які праект з удзелам Алеся Ката-Зайцава вам падабаецца найбольш?
    BosaeSonca
    KilFil
    Fridance

    Ці мае шанцы Fridance замацавацца на расейскай індзі-сцэне?

    Не саромцеся, выказвайцеся.

  • bulbanik / адказаць
    12.01.2014 / 16:55

    па тых дзвух песнях, якія пачуў у выкананні новага гурта Fridance, музыка ўспрыаецца значна больш апытмістычнай і жвавай, чым больш сумныя і меланхалічныя песні гурта BosajeSonca.

    адносна замацавання на расейскай індзі-сцэне штосьці сказаць складана, бо трэба ведаць іх канкурэнтаў і настроі слухачоў. але дай божа ім там замацавацца, каб у расейскія вушы часам траплялі і песні на беларускай мове, кшталту песні "дым" і не толькі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ