«Крама» новая, олдскульная (live-відэа песьні «Вышэй за дахі»!)
5323 / 1
16.01.2014

«Крама» новая, олдскульная (live-відэа песьні «Вышэй за дахі»!)

Гурт «Крама» даў вясёлы і мілы канцэрт у «Графіці». Варашкевіч кпіў з Саладухі і Міхалка ды прадставіў новую олдскульную рэч з будучага альбома клясыкаў беларускага рок-н-ролу.

Свой першы ў 2014-м канцэрт «Крама» пачала, вядома ж, зь віншаваньняў з Новым годам. Для музыкаў ён абяцае стаць асаблівым хоць бы з той прычыны, што яны рыхтуюць да выданьня новы альбом у традыцыйным для сябе гучаньні. Ігар Варашкевіч на прывітаньне грае «Жыцьцё — дзіўны сон», а потым колькі старых гітоў. Усе з ахвотаю падпяваюць, але чакаюць: ці пакажа «Крама» зусім новыя і ня чутыя дагэтуль песьні. Гучыць «Камэндант», а затым «Mein Vaterland». Варашкевіч папярэджвае, што канцэрт даецца без папярэдняй рэпэтыцыі, але відавочна, што і безь яе музыкі гучаць зладжана. Лідэр гурта можа часам дазволіць сабе адхінуцца ад мікрафона падчас сьпеву, каб публіка за ім працягнула фразу: «Паднясуць табе віно і кавалак хлеба», напрыклад. Канчаткова дарэшты запоўненая заля «Графіці» разварушыцца падчас дылёгіі «Стэфка» — пасьля зьяўленьня «Стэфкі праз 20 год» яны разам з арыгінальнай «Стэфкай», «бондаўскіх» яшчэ часоў, выконваюцца заўжды разам і бяз паўзы між песнямі.

«Дзяўчынку са шклянымі вачыма» Варашкевіч прадстаўляе як песьню вельмі сумную, але пры гэтым рамантычную. Яе можна прыняць за нявыдадзены «крамаўскі» рарытэт пачатку 90-х, аднак не — яна ўвойдзе якраз у гэты самы новы альбом гурта. Нечакана Ігар згадвае пра Саладуху і выказвае шкадаваньне, што таго не адправілі на «Эўравізію», бо рокер уразіўся вобразам гіганцкага матыля, у якім паўстаў поп-сьпявак. «Але ня будзем яго крыўдзіць, ён жа „Краму“ любіць», — заўважыў Ігар і практычна прысьвяціў Саладуху песьню «Неба — лёс арла», бо «ён жа арол!»

Самы інтрыгоўны момант у канцэрце «Крамы» прысьпеў. Даўно такога не было, каб музыкі ўпершыню прадстаўлялі са сцэны сваю песьню. Новы твор завецца «Вышэй за дахі», словы да якога напісаў Зьміцер Лукашук. «Пра што песьня, не пытайцеся, бо яна ні пра што. Напэўна, пра нейкую дзяўчыну, халера яе ведае», — шчыра пераказаў яе зьмест Варашкевіч. Пасьля прэм’еры сьпявак дадаў, што яму падабаецца рабіць олдскульныя рэчы і ён разумее, што такое на радыё ня возьмуць. «Хай не бяруць, мы будзем да канца жыцьця ў „Графіці“ канцэрты даваць. І, дарэчы, гэта не найгоршы варыянт. Бо публіка тут зьбіраецца найлепшая!»

У пэўны момант Варашкевіч актыўна заклікае наліваць піўко ды гарэлачку. Гэта знак таго, што загучыць песьня, безь якой вось ужо 20 гадоў не абыходзіцца ніводзін канцэрт гурта — «Гэй, там, налівай». «Крамаўцы» любяць згадваць гісторыю з часоў расейскіх гастроляў, калі да іх падышоў вакаліст гурта «Технология» Рома Рабцаў, каб пахваліць за выдатную песьню пра геяў. «Чыкага найтс» Варашкевіч прадставіў як улюбёную песню гурта «Палац», што часткова тут прысутнічаў у асобе Юрася Белякова. Яшчэ адзін удзельнік «Палаца», Андрэй Цераховіч, таксама быў на канцэрце, аднак ужо ў якасьці ўдзельніка. Зусім нядаўна ён замяніў Андрэя Філатава, які сышоў праз татальную занятасьць.

Варашкевіч у гэты вечар лёгка кпіў ня толькі з Саладухі. «Я вось думаю, можа, таксама „Рускі альбом“ запісаць, — казаў ён з усьмешкаю. — Можа, тады запросяць у Вільню ці ў Кіеве на Майдане выступіць». Лідэр «Крамы» пажадаў усім добрым людзям больш шчасьця і свабоды ў новым годзе, хоць і прызнаўся, што не ўяўляе, як гэта павінна выглядаць, і паабяцаў радаваць новымі песьнямі на кожным канцэрце па меры таго, як яны будуць дапісаныя. На наступным выступе 25 лютага «Крама» рыхтуе яшчэ як мінімум дзьве прэм’еры.

Тэкст і фота — Budzma.org, відэа — Яўген Шапчыц, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.01.2014 / 16:17

    Вельмі моцны альбом у "Крамы" сьпее. Асабліва слаўная "Дзяўчынка са шклянымі вачыма".

  • КАМЕНТАВАЦЬ