!OUT: Лебядзіная песьня «року ў апазыцыі»
2153 / 0
17.01.2014

!OUT: Лебядзіная песьня «року ў апазыцыі»

Дэбютнік менска-берасьцейскай фармацыі The Archestra «Arches» выдадзены францускім лэйблам Soleil Mutant.

Запіс гэтага альбому адбыўся на студыі «Воздух» у Берасьці. А майстэрынгам займаўся энтузіяста з Тэль-Авіву Ўдзі Кумран. На маю думку, гэта адзін з найбольш значных і прарыўных альбомаў 2013 году.

 

СТРУННАЯ «ДЫЕТА»

Варта нагадаць, што The Archestra утварылася ў выніку нядаўняга падзелу кампазытарскае фармацыі «Рацыянальная дыета» на два асобныя гурты — Five-Storey Ensemble і ўласна The Archestra. У апошнюю ўвайшла амаль уся струнная сэкцыя. Распад адбыўся акурат падчас запісу новага альбома «Дыеты». У выніку ў дэбютніках «сясьцёр па дыеце» перасякаецца склад удзельнікаў. Кампазыцыі былі падзеленыя між сабою аўтарамі. Абедзьве кружэлкі выйшлі літаральна адна за адной.

СУПРЭМ-АЗДОБА

Дыск The Archestra ўражвае ўжо аздабленьнем. Літары A-R-C-H-E-S супрэматычна ўпісаныя ў залацістыя квадраты. Мастачка Аляксандра Страшко суправадзіла кожны трэк абстрактнымі аплікацыямі — усе яны зьмешчаныя ў буклеце. Па словах лідэра ансамблю Кірыла Крысьці, назоў альбома можна успрымаць, як таямнічую абрэвіятуру, дзе, напрыклад, R азначае reсord (запіс), CH — chamber (камэрны), E — electronic (электронны).

СЬПЯВАНАЯ ПРОЗА

Некаторыя кампазыцыі The Archestra можна лічыць песьнямі. На музыку пакладзеныя радкі Канстанціна Каляфіса, Эдгара По ды Андрэя Платонава. На словы расейскага пісьменьніка створаныя ажно чатыры п’есы. Браліся цыцаты з антыўтопіі «Чэвэнгур». Адсюль і скразная чыгуначная лінія ў альбоме. Кампазыцыю «Train» («Цягнік») Кірыла Крысьця лічыць адной з самых улюбёных. Калі выданьне зь Японіі папрасіла яго зрабіць апісаньне гэтае рэчы, атрымаўся трактат на 8 лістоў.

МЭТАД ДВУХ ПЛЯНАЎ

Абсалютна ўсе кампазыцыі на першым альбоме The Archestra належаць пяру Кірылы Крысьці. Ён жа адказваў за імправізацыйную скрыпку й інструмэнтальны шум. Кірыла практыкуе тэхніку двух плянаў: напрыклад, на першым гучыць асноўны склад групы, а на другім — адначасова граюць некалькі дзясяткаў скрыпак. Таксама цікава, што гэткія падвоеныя кампазыцыі Кірылы атрымоўваюць імя менавіта паводле другога пляну, а ня першага. Для кампазытарскага таленту Кірылы характэрныя таксама пладавітасьць і апэратыўнасьць. Ён зь лёгкасьцю складае ды імправізуе. Магчыма тое зьвязана з румына-малдоўскімі каранямі музыкі.

НАДЗЕІ МАЛЕНЬКІ АРКЕСТРЫК

Асноўныя партыі скрыпкі Кірыла даверыў сваёй жонцы Надзеі. Акром скрыпкі, яна ж сыграла і на віялянчэлі, якую ня так даўна засвоіла. Яна ж нясе адказнасьць за вакальныя партыі, у тым ліку шматгалосьсе. Як высьветлілася, голас Надзеі можа выдаваць ня толькі акадэмічнае высокаактаўнае сапрана, але і тэатральна дэманстраваць самыя розныя характары і спосабы сьпеву — тым яна нагадвае выбітную пэруанку Іму Сумак.

РОК У АПАЗЫЦЫІ

The Archestra шмат у чым працягвае традыцыі «Рацыянальнае дыеты» — гэта суворы віртуозны rock-in-opposition, скамбінаваны хаос, альгебраічны цуд, каляж неверагодных спалучэньняў, фрактальная архітэктоніка са схаванымі парталамі ды галерэямі. Структуры будуюцца і рушацца так, што не пасьпяваеш ад іх стаміцца. Няспынныя мэтамарфозы быццам аддаляюць ад пункту невяртаньня, аднак застаюцца абмотанымі сувязямі нелінейнага парадку. Тым ня менш, сам Кірыла лічыць дадзеную шматпакутную працу сваёй лебядзінай песьняй у кірунку rock-in-opposition.

РЭАКЦЫЯ ПРЭСЫ

Пакуль беларускія крытыкі маўчаць, знаўцы з розных куткоў сьвету ня могуць устрымацца ад таго, каб не параўнаць дэбютныя альбомы The Archestra і Five-Storey Ensemble.

Да прыкладу, экспэрт рэсурсу allmusic.com Дэйв Лінч піша: «У непрадказальных кампазыцыях Кірылы Крысьці даступны рытмічны ды мэлядычны матэрыял спалучаецца са слоем авангардысцкіх мэтадаў. Адзіная вобласьць павярхоўнага падабенства двух гуртоў — гэта клясычна пастаўленыя сапрана-вакалы».

Newprogreleases.blogspot.com адзначае «дваістасьць і кінематаграфічную выпукласьць» The Archestra: «Матэрыял другога слою створаны праз ускладненыя тэхнікі сучаснага акадэмізму — такія, як канкрэтная музыка, алеаторыка, санарыстыка і сэрыялізм».

Ёган Рындфрай з babyblaue-seiten.de ўпэўнены, што «The Archestra выдала ўразьлівы дэбют і катапультавалася ў вышэйшай лізе авангардовага прагрэсіўнага року». У адрозьненьне ад Five-Storey «Аркі гучаць больш дынамічна, тут няма элегічных настрояў і менш фальклёрных уплываў». Гэр Ёган раіць падчас праслухоўваньня прыбіраць ад дынамікаў шкляныя прадметы, бо вакал Надзеі Крысьці «любіць ўздымацца да завоблачных вышыняў». Таксама, на думку нямецкага экспэрта, «калі з аднае фантастычнае групы ўтвараецца дзьве фантастычныя групы — гэта абнадзейвае!»

АКТУАЛЬНАСЬЦІ

За той час, пакуль альбом «Arches» усяляк апрацоўваўся і рыхтаваўся да рэлізу, Кірыл Крысьця і кампанія ня толькі пасьпелі прэзэнтаваць дэбютную праграму ў Берасьці ды Менску, але і стварыць дзьве новыя. Для адной зь іх — электраакустычнае — шукаецца варты ды-джэй, а другую Кірыла напісаў амаль за адну ноч ды яшчэ з уласнымі вершамі. Між тым, вакансія тэкставіка ў The Archestra па-ранейшаму вольная. Акром таго, музыкі адкрылі ўласную студыю «Аркі».

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, здымкі з афіцыйнай суполкі гурта

Нарэзка з альбома The Archestra

Тэгi: