Сямашка агучыў клясыку сусьветнага авангарду (саўндтрэк і відэа да «Emak Bakia»)
2111 / 0
17.02.2014

Сямашка агучыў клясыку сусьветнага авангарду (саўндтрэк і відэа да «Emak Bakia»)

Новы альбом музыкі і аўтара парталу Tuzin.fm Віктара Сямашкі «Calavera» выдаў бэльгійскі лэйбл Tape-Safe. Пярліна альбому — саўндтрэк да кінастужкі дадаіста Мана Рэя.

Зьмест альбома сфармавалі тры 20-хвілінныя кампазыцыі. Яны аб’яднаныя «імпралупавым» мэтадам стварэньня і лёгкім лацінскім калярытам. Запісы адбыліся цягам 2013 году падчас выступаў Віктара ў розных месцах Менску. Музыка стваралася ў рэжыме «тут і цяпер» без фанаграмных нарыхтовак і запрошаных інструмэнталістаў. Сярод выкарыстанага інструмэнтарыю — разнастайныя духавыя, пэркусійныя і шумавыя інструмэнты, фартэпіяна й эфэкт Delay, які дазваляе зацыкліваць фразы рознага памеру.

Віктар тлумачыць, чаму ён гэтым разам вырашыў абыйсьціся без дапамогі калегаў: «Часам я далучаю да сумеснае імправізацыі вялікую колькасьць музыкаў. Бывала даходзіла да васьмі. А часам хочацца абысьціся выключна ўласнымі высілкамі, каб данесьці сваю аўтарскую думку найбольш дакладна і выразна. Гэты альбом — якраз той, другі выпадак. Тут я сабраў найбольш яскравыя сольныя кампазыцыі за мінулы год. Усе яны сталіся вельмі важнымі пунктамі ў маім творчым досьведзе».

Асобнай згадкі варты другі трэк з альбому пад назвай «Emak Bakia». Гэтая рэч зьяўляецца жывым саўндтрэкам да аднайменнага фільму, зьнятага францускім дадаістам Мана Рэем у 1926 годзе. Фільм лічыцца клясыкай сусьветнага кінаавангарду. Дэманстрацыя адбылася падчас опэн-эйр фэстывалю нямога кіно і сучаснае музыкі «Кінемо» ў музэі Заіра Азгура.

Спампаваць альбом «Calavera» магчыма на сайце Tape-Safe. Фізычную вэрсію (як і іншыя альбомы ды кнігі Віктара Сямашкі) можна набыць у кнігарні «логвінаЎ» (Менск, пр-т Незалежнасьцi, 37а).

Tuzin.fm