Паліна Рэспубліка дае вялікі сольны канцэрт на 20-годьдзе
6190 / 0
25.02.2014

Паліна Рэспубліка дае вялікі сольны канцэрт на 20-годьдзе

8 красавіка ў менскім клюбе «Мулен Руж» таленавітая беларуская сьпявачка прадставіць разам з музыкамі з свайго гурта адмысловую праграму. Канцэрт у межах акцыі «Жывы Тузін» падтрымае таксама гурт BosaeSonca.

Будучы канцэрт Паліны Рэспублікі можна назваць бадай што самым вялікім сольным канцэртам за яе пакуль яшчэ нядоўгую, але пасьпяховую кар’еру, якая пачалася зь перамогі на фэстывалі «Бардаўская восень — 2011» і прызнаньня «Адкрыцьцём году ў беларускай музыцы» па вэрсіі парталу Tuzin.fm. З 17 гадоў Паліна пасьпяхова грае сольныя канцэрты і пастаянна пашырае геаграфію выступаў. Летась яна зьезьдзіла ў міні-тур па Ўкраіне, дзе здабыла нямала прыхільнікаў. Сёлета 14 лютага Паліна ў супольным канцэрце з Akute дала выдатны канцэрт у КЗ «Віцебск». Апошні сынгл сьпявачкі «Лета» трымаецца ў лідэрах чарту на Tuzin.fm блізу 20 тыдняў.

Відэа з выступу Паліны Рэспублікі ў Віцебску 14.02.2014, здымкі Vitebsk4.me

Да вялікага сольнага канцэрту ў менскім клюбе «Мулен Руж», які прыпадае якраз на яе 20-годзьдзе, Паліна рыхтуе разам з музыкамі адмысловую праграму. Склад гурта пашырыўся, далучыліся бубнач Юры Мартынаў, басіст Вадзім Сьцепановіч, а замест кантрабаса цяпер гучыць віялянчэль Аляксандры Аляксюк. «Шмат ужо знаёмых нашым аматарам песень прагучаць у новых аранжыроўках, у чымсьці больш танцавальных, а ў чымсьці і больш драматычных. Разам з тым мы не адмянялі пяшчотнай лірыкі і зусім акустычнай Паліны. Як мне падаецца, бяз гэтага нельга. Будуць абавязкова і новыя песенькі, але гэта сакрэт. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца і канцэрт атрымаецца сьвяточным для ўсіх», — распавядае пра свае чаканьні ад будучага выступу сьпявачка.

Паліну падтрымае адзін зь яе ўлюбёных гуртоў на беларускай сцэне — BosaeSonca, які летась выдаў адразу два прыгожыя і адметныя альбомы «Zalaty» і «Адпусьці».

Канцэрт 8 красавіка пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», які прадстаўляе партал Tuzin.fm разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі» і творчай камандай паб-клюбу «Графіці».

Tuzin.fm

8.04.2014. Паліна Рэспубліка. Вялікі сольны канцэрт на 20-годзьдзе. Пры ўдзеле гурта BosaeSonca. Клюб «Мулен Руж» (вул. Сухая, 2, ст. м. Фрунзэнская). 19:00.

Квіткі ўжо ў продажы! Кошт — 100 000 (танцпляц), 120 000 — 190 000 (столікі)

Набыць можна ў касах і он-лайн праз Kvitki.by і ў паб-клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16)

Тэлефон для даведак: 638-44-44 (Velcom, MТС, life)