Бі першым, Федзя! (аўдыёпрэм’ера)
3227 / 0
06.03.2014

Бі першым, Федзя! (аўдыёпрэм’ера)

Фёдар Жывалеўскі ў інтэрвію Tuzin.fm патлумачыў навошта сьпяваць Летава па-беларуску, абверг чуткі пра сьмерць «Голай манашкі» ды выказаўся пра патрэбу разьвіртуалізацыі часткі беларускага насельніцтва.

Фёдар Жывалеўскі — рок-зорка безумоўная ў тым самым трушным значэньні. Ён жыве рок-н-ролам і рок-н-рол падпітвае яго жыцьцё. Ён здольны даць чаду нават ня маючы музыкаў за сьпінаю, проста з акустычнай гітарай. Менавіта ў такім фармаце Федзя выйдзе на сцэну клюбу «Піраты» 21 сакавіка на сумесным канцэрце з гуртамі Terrakod і Sciana. Напярэдадні выступу музыка даў інтэрвію парталу Tuzin.fm і прадставіў некалькі сваіх твораў у акустычным гучаньні.

ТГ: Які з тваіх творчых праектаў цяпер мае актуальнасьць?

Мой праект пад назваю «Вясёлая манашка» часова замарожаны, з асноўным складам «Голай манашкі» прыблізна такая ж сытуацыя. Але я працягваю выступаць, пераважна адзін альбо разам з рознымі музыкамі, якім блізкія мае ідэі.

ТГ: Дык што сталася з «Голай манашкай»?

З асноўным творчым складам калектыва пакуль узятая паўза. Прычыны гэтаму розныя: гэта і сямейныя абставіны, і праца ў іншых калектывах, і часам глыбока асабістае. Тое, што ў прынцыпе я лічу наогул не істотным для таго, каб не працягваць працаваць зь яшчэ большай напругай. Сёньня творчы калектыў-фармацыя, такім якім ён быў здаўна, працуе над перакладамі сусьветна вядомых рок-кампазыцыяў.

ТГ: А твой сайд-праект «Вясёлая манашка» чаму не набыў канчатковыя абрысы?

«Вясёлая Манашка» — з самага пачатку і да цяперашняга часу ўяўляла зь сябе сумесную працу з удзельнікамі гурта «Вітамін» (цяпер і «мАльберт»), дзе я часам спрабую рэалізаваць ня самы звыклы фармат для такой «Манашкі», якую мы прывыклі ўвесь час бачыць і чуць. На сёньня ён часова замарожаны, гэта зьвязана з занятасьцю ўдзельнікаў.

ТГ: У чым ты бачыш сэнс сьпяваць беларускія вэрсіі замежных песень. І ў чым тут адрозьненьне ад дзейнасьці кавэр-бэндаў?

Гэта робіцца ня толькі дзеля таго, каб падаць слухачу вышкаленыя часам рэчы, але і паказаць наколькі паўнавартасна гучаць вядомыя кампазыцыі на беларускай мове. Я перакладаю ў асноўным толькі тыя песьні якія вельмі запалі мне, бо ў свой час былі ледзьве ня знакавымі. Такім чынам, акрамя асноўнай мэты ёсьць неабходнасьць разабрацца з асабістымі памкненьнямі і навучыцца новаму. Ёсьць неабходнасьць зьбірацца ў тых месцах дзе можна пазнаёміцца з новымі людзьмі, запаліць іх ідэямі, запаліцца ад іхнага запалу, займець энтузіязм і падзяліцца ім з тымі, каму гэта жыцьцёва неабходна.

ТГ: Давай возьмем для прыкладу «Кулю-дуру» Летава. Што ў ёй такога, што прымушае цябе яе граць ледзьве не на кожным выступе?

«Куля-дура» акрамя таго што зьяўляецца адной з найлепшых на маю думку песень Ігара Фёдаравіча, празь пераклад набывае дадатковы другі сэнс: «Агітатар вучы мяне думаць». Тут падкрэсьліваецца неабходнасьць заняць чалавечую звычайную пазыцыю, бо палітыка надта тонкая рэч, як той чэлес у камара.

ТГ: Ці згодны ты зь меркаваньнем, якое выказалі твае калегі з Pet Nihil наконт таго, што публіка цяпер больш актыўная ў віртуальным асяродку, а рэальна на канцэрты ня ходзіць?

Усё што зьвязана з прыватнымі баталіямі і сурагатным сэксам у інтэрнэце дый на базе рок-тусоўкі, заўжды было, ёсьць і будзе. Такая сытуацыя дазваляе глянуць на музыку іншымі вачыма і ў гэтым стане сфармаваць новыя ідэі часам зьвязаныя альбо з кляўнадай, альбо зь якім яшчэ ражном. Як казаў пры жыцьці Тым Ліры, «інтэрнэт — гэта ЛСД новага пакаленьня». І я лічу што тут галоўнае не нашкодзіць сабе ды іншым, пазьбегнуць перадозу, ня трапіць у залежнасьць. А калі ёсьць магчымасьць — дакранацца і мець дачыненьне толькі да простага чалавечага. Пакуль ёсьць простыя людзі, разумныя і тыя хто прагне жыцьця, а не вайны, будзе таксама жыць рок. У нашым выпадку ён беларускі.

Tuzin.fm, фота — Юлія Катаржынская

Фёдар Жывалеўскі выступіць у межах канцэрту «Жывы Тузін» 21 сакавіка ў клюбе «Піраты» на прэзэнтацыі альбому гурта Sciana. Квіткі можна набыць тут.