Zeman: «Большасьцi нашых людзей патрэбна, каб iх ткнулi носам у што-небудзь» (аўдыё)
3655 / 6
27.03.2014

Zeman: «Большасьцi нашых людзей патрэбна, каб iх ткнулi носам у што-небудзь» (аўдыё)

Адзін з самых цікавых выканаўцаў на беларускай рэп-сцэне ў інтэрвію Tuzin.fm распавёў пра свой новы альбом, патлумачыў чаму Макс Корж не прадаўся Расеі ды паразважаў пра недахопы тутэйшай музычнай індустрыі.

Сёлета беларускамоўныя рэпэры заўважна актывізаваліся ў параўнаньні зь мінулым годам. Сьледам за Вожыкам, які парадаваў новымі трэкамі «Тацяна» і «Бандэра», пра запіс новага матэрыялу заявіў Zeman, колішні ўдзельнік гурта «Чырвоным па Белым». Адзін з самых цікавых выканаўцаў на беларускай рэп-сцэне даў інтэрвію Tuzin.fm.

ТГ: На сваёй старонцы ў сацсетцы ты ўжо абвесьціў пра намер запісаць новы цалкам беларускамоўны альбом. Што гэта будзе за альбом? Калі ён выйдзе?

Zeman: Рыхтую альбом пад назвай «Коска». Пляную выдаць сёлета, з дапамогай ўсё той жа студыi Nestanda Records, на якой пішуся апошнім часам. Ён будзе складацца недзе з 15 трэкаў. На дадзены момант ужо ёсьць 5 тэкстаў i крыху больш мiнусоў. Хачу запрасiць на яго таксама некалькiх знаёмых выканаўцаў з Польшчы ды Ўкраiны. Некалькi назваў песень з альбома — «Калыханка для сябе», «Барадаты рэп», «Вольга», «Ляцi», «Стары FIAT». Кажа пра што-небудзь?

ТГ: Пакуль не, але гэта справа часу. Дарэчы, раней ты казаў пра запіс сумеснага беларускамоўнага альбома пад назвай «ГБ» са Сьведакам (PANaNieba). Чаму работа над альбомам прыпынілася? Які лёс гэтага рэлізу?

Zeman: Запіс альбома цягнуўся вельмі павольна, а потым Жэка зьехаў за мяжу i праца над альбомам спынiлася зусім. Мы вырашылi ў такой форме не працягваць. Але трэкi не згубяцца: пляную вельмi хутка выдаць складанку трэкаў, што ня трапiлі на рэлiзы з 2006 па 2013 год. Там будуць і нашыя сумесныя песьнi са Сьведакам, i дуэты з d.Chest'ам, зь якiм мы таксама плянавалi рэлiз.

ТГ: Твой стары знаёмы Макс Корж год таму ў інтэрвію для парталу «Тузін Гітоў» узгадаў цябе ў якасьці партнэра для верагоднага запісу сумеснай песьні на беларускай мове. Чаму такой песьні яшчэ няма?

Zeman: Асабіста не абмяркоўвалі. У мяне цяпер няма выйсьця на Макса, апошнi раз размаўляў зь iм перад канцэртам у Палацы спорту летась. Напэўна, калi б я хацеў гэты працэс неяк фарсiраваць, то здолеў бы да яго дагрукацца, але ж напрошвацца таксама не ў маiх правiлах. Таму пакуль проста трымаю гэты магчымы варыянт у галаве.

ТГ: Ты ведаеш Каржа яшчэ з тых часоў, калі ён толькі пачынаў сваю музычную кар’еру і быў удзельнікам тусоўкі «Мускул». Што ты можаш сказаць пра яго? Ты лічыш, што былы беларускамоўны рэпэр прадаўся Расеі?

Zeman: Не, Расеі ён не прадаўся. Патлумачу чаму. Макс робiць тую ж самую музыку, якую ён рабiў да таго, як зьвязаўся з Respect Production. Той жа песьні «Небо поможет нам» ужо далёка не адзiн год. Тым ня менш, цi шмат людзей чула пра яго да таго моманту, як ён засьвяцiўся на расейскай сцэне? Тое ж самае, дарэчы, i з Антонам Мураўём. Яго творчасьць не зьмянiлася пасьля выхаду, так скажам, на ўзровень СНД. Але ж цяпер усе крычаць, што вось ёсьць Макс ды Антон, а ўсё астатняе зь Беларусi — лайно. Пэўна тут не выканаўцы Расеi прадалiся, а наша масавая сьвядомасьць, лянiвая i нязвыклая да таго, каб абапiрацца на ўласныя меркаваньнi. Большасьцi нашых людзей, на жаль, патрэбна, каб iх ткнулi носам у што-небудзь. Як такой думкі не існуе, адная стаднасьць. Таму і атрымліваецца, што рэп у нас слухаюць на 95% тыя, хто яго робiць.

На фота: Zeman падчас выступу на канцэрце Макса Каржа, Палац спорту, 7 сакавіка 2013, фота Budzma.by

ТГ: Што для цябе ёсьць музыка? Ты займаесься творчасьцю сур’ёзна ці гэта для цябе толькі забаўка? Ці думаў пра сур’ёзную прамоцыю?

Zeman: Музыка для мяне гэта тая трыбуна, зь якой я выказваю свае думкi наконт усяго таго, што я бачу навокал. Мне пляваць, што я магу кагосьцi абразiць сваiмi думкамi, што большасьць можа быць са мной нязгодна. Я выказваюся, а вам ужо вырашаць — пагаджацца альбо не. Магчыма таму мяне i не цягне на Алiмп. Мой Алiмп тут, унiзе, мая музыка для самых простых, такiх, як я сам. Я не магу ўявiць, што калi-небудзь зьбяру такi натоўп, як Макс. Думаць над тэкстам людзi ня любяць i iх можна зразумець. Музыка гэта ўцеха, а я неяк парушаю гэты закон. I каб я зрабiў музыку з сэнсам папулярнай, мне трэба быць на ўзроўнi Высоцкага цi Цоя. Мне да такога не дайсьцi нiколi. Для мяне творчасьць частка жыцьця. І ня гобi, i ня праца. У адрыве ад жыцьця яна не iснуе. Мяне не вабiць супраца з расейскамоўнымі рэп-зоркамi. Мяркую, што такi кансэрватар, як я, iх таксама не зацiкавiць. На расейскай я б з радасьцю зрабiў штосьцi з Вадзярам, альбо 4sgm, а на беларускай з палякам O.S.T.R. Але гэта ўсё застанецца ўтопiяй, бо я ж iмкнуся нiкога не аб чым не прасiць. Дарэчы, цiкава было б зрабiць што-небудзь з выканаўцамi iншых стыляў — блюз цi рок. Я вучыўся разам са Stevie Blackам з гурта Stardust Circus i ўжо вельмi даўно мы хочам пасупрацоўнiчаць.

На фота: на канцэрце паплечнікаў з PANaNieba, клюб «Графіці», 2011

ТГ: Якія цяпер ёсьць недахопы ў музычнай індустрыі нашай краіны, якія турбуюць цябе?

Zeman: Мяне iндустрыя не кранае, бо я яе часткай не зьяўляюся i нiколi не зьяўляўся. Праблемы палягаюць хутчэй у самiх нас. Часта выканаўцы пачынаюць ставiць сябе, як платныя блазаны, гатовыя рабiць тое, што ад iх патрабуе натоўп, каб зарабiць грошы. Цi, што яшчэ горш, пачынаюць казаць, што творчасьць без аплаты iх не цiкавіць. Такiя людзi, нават калi яны маюць талент, наўрад цi штосьцi прынясуць у музыку — яны наймiты i ня больш за тое. I не iндустрыя прымушае iх так сябе паводзiць, а банальнае жлобства. Можна колькi заўгодна казаць пра тое, што патрэбна нешта есьцi, але на ежу можна зарабiць на заводзе, а не на сцэне.

Размаўляў Мікола Заяц, Тузін Гітоў, фота з афіцыйнай суполкі выканаўцы 

КАМЕНТАРЫ:

  • Siarhei Balakhonau
    Siarhei Balakhonau / адказаць
    27.03.2014 / 16:00

    Хацеў напісаць, што ўяўляў Зэмана маладзейшым, але раптам зразумеў, што я слухаў яго 7 гадоў таму...

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    27.03.2014 / 18:03

    Зэман немалады ўжо, з 1988 году).
    Старонка выканаўцы http://tuzin.fm/performer/123/zeman.html

  • Siarhei Balakhonau
    Siarhei Balakhonau / адказаць
    28.03.2014 / 20:37

    ну, вось акурат мікстэйп «Чуже/Родное» у 2007-м быў заслуханы да дзірак. "Счастье -- это две бутылкі Білэ, а остальное всё ерунда". Эх...

  • Вячка Красулін
    Вячка Красулін / адказаць
    28.03.2014 / 04:59

    ух, усё па справе сказана

  • Zeman / адказаць
    29.03.2014 / 13:05

    Дарэчы, у Вас старонка выканаўцы трохi недакладная. У мяне пасля "Апельсина" выйшлi ячшэ "Бырло", "Третья Звезда" i "Квадрат". :-)

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    30.03.2014 / 18:25

    Фармат сьціслага прадстаўленьня выканаўцы не вымагае пераліку абсалютна ўсіх дасягненьняў. Выбіраем самыя яскравыя факты зь біяграфіі. Трохі падкарэктавалі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ