Тацяна Беланогая рыхтуе на «Травень» безьліч прэм’ераў (аўдыёпрэм’ера, відэа)
2687 / 0
01.04.2014

Тацяна Беланогая рыхтуе на «Травень» безьліч прэм’ераў (аўдыёпрэм’ера, відэа)

Краса беларускай сьпеўнай паэзіі Тацяна Беланогая выступіць на фэстывалі «Травень» з праграмай, складзенай з абраных песень альбому «Сьвятло і цені» ды засьпявае зусім новыя песьні на вершы Яўгеніі Янішчыц і Дануты Бічэль.

Пераможца «Бардаўскай восені — 2004» і польскага фэсту «OPPA-2006» Тацяна Беланогая рэдка радуе выступамі. Цяпер яна занятая падрыхтоўкай вялікай праграмы на словы Яўгеніі Янішчыц, адной з улюбёных сваіх паэтак. «Гэты альбом пад назваю „Белы матылёк“ рыхтуецца цягам многіх гадоў і на фэстывалі я якраз сыграю частку зь яго. Некаторыя песьні прагучаць упершыню. А вось калі адбудзецца яго рэліз сказаць не магу, бо выданьне ўвесь час адкладаецца ў сувязі з шматлікімі складанасьцямі», — кажа Тацяна.

Сьпеўная паэзія для такіх як Таня — гэта стан душы. Таму падыход у яе больш душэўны, чым прагматычны. Як да споведзі. Сьпявачка мае чысьцюткі запамінальны вакал, які дэманструе ў найлепшых сваіх песьнях. З самых вядомых гэта, канечне ж, «Да цябе», на якую зроблены выдатны кліп, «Горы», «Белая птушка», «Адзінота ў лістападзе». У шостым альбоме сьпявачкі «Сьвятло і цені», які нядаўна пабачыў сьвет, таксама нямала яскравых кампазыцыяў. Некаторыя зь іх Беланогая таксама зьбіраецца выканаць 18 траўня ў «Мулен Руж»: «З задавальньнем сыграю такія песьні, як „Музыка“, „Там, за акіянам“, „Пакідаеш мяне, але заўжды са мною“, „Мама“. Пасьля камэрнай прэзэнтацыі альбому,  гэтыя песні будуць упершыню прадстаўлены для шырокай аўдыторыі», — заўважае сьпявачка.

Акром гэтага ў сваім сэце Тацяна прадставіць упершыню некалькі песень на вершы цудоўнай беларускай паэткі Дануты Бічэль са зборнікаў вершаў «Краю мой Нёман» і «А на Палесьсі».

На Tuzin.fm cьпявачка прадстаўляе свой новы твор «Я пачакаю», выкананы пад акампанімэнт Юрыя Хілаўца, гітарыста, які грае зь Віктарам Шалкевічам і Алесем Камоцкі. Песьня «Я пачакаю» напісаная на верш Яўгеніі Янішчыц. 

 

Фэстываль «Травень» пройдзе на сцэне клюбу «Мулен Руж» 18 траўня. Яго ўдзельнікі будуць прадстаўляцца паступова на сайтах заснавальнікаў фэсту Tuzin.fm, Budzma.by і Graffiti.by.

У першы тыдзень красавіка квіткі можна набыць па 90 000 (танцпляц, у клюбе «Графіці»), 100 000 (на сайце Kvitki.by) і 120 000 (столік). Пасьля квіткі будуць каштаваць даражэй. Інфалінія фэсту «Травень»: 638-44-44 (мтс, velcom, life).

Tuzin.fm