Haina: «Мы атрымалі ўсё, чаго прагнулі. Хочам яшчэ»
2660 / 0
04.04.2014

Haina: «Мы атрымалі ўсё, чаго прагнулі. Хочам яшчэ»

11-ы тур аўдыёчарту на Tuzin.fm прынёс нечаканыя вынікі. Навічок гіт-параду гурт Haina зь песьняй «Ціхі акіян» апярэдзіў усіх фаварытаў і атрымаў пераканаўчую перамогу.

Апошнія тыдні для Haina былі багатымі на падзеі. Гурт прадставіў свой першы сынгл на «Тузіне», а потым выклаў увесь міні-альбом, актыўна рэпэтаваў ды рыхтаваўся да канцэртнай прэзэнтацыі, якая пасьпяхова прайшла 2 красавіка ў менскім клюбе «Салтайм». «Атрымалі ўсё, чаго прагнулі — было багата водгукаў на нашу творчасьць. Часам галава кругам ішла, бо людзі мы сьціплыя. Канечне, у далейшым таксама разьлічваем на неабыякасьць слухачоў», — кажа лідэр каманды Ільля Паплёўка. Адмысловым чынам яны не агітавалі галасаваць за «Ціхі акіян» на «Тузіне», але адразу адчулі актыўнасьць слухачоў. «Нам проста бракавала часу заняцца агітацыяй, але нас трымалі ў курсе. Мы расчуленыя і ўдзячны ўсім за падтрымку! Мы толькі пачынаем і любая такая перамога для нас не можа прайсці незаўважна», — зазначае музыка. З удзельнікаў чарту ў лідэра Haina асаблівую цікавасьць і сымпатыю выклаюць гурты Tonqixod і Navi, за якіх ён часам аддаваў свой голас.

Пад уплывам ад апошніх падзеяў Haina працягвае працаваць над сваёй дэбютнай праграмай і рыхтуецца да наступнага клюбнага канцэрту, на які запрашае ўсіх, хто зацікавіўся іх творчасьцю.

Tuzin.fm