Золата на блакіце. Gold-вэрсія новага сынглу Pomidor/off (аўдыёпрэм’ера)
5253 / 3
09.04.2014

Золата на блакіце. Gold-вэрсія новага сынглу Pomidor/off (аўдыёпрэм’ера)

Гурт Pomidor/off прадстаўляе на Tuzin.fm «залатую» вэрсію сынглу «Сьпёка/Spioka».

EP «Сьпёка/Spioka» запісаны цягам красавіка — ліпеня 2013 году на студыі «Осмос», зь лютага па сакавік 2014 году прайшло зьвядзеньне і майстарынг матэрыялу. У рэліз увайшлі 3 песьні, загалоўная «Сьпёка» прысутнічае ў дзьвюх вэрсіях — рокавай і рэгі.

Песьню «Летняя» Аляксандар Памідораў напісаў 22 чэрвеня 2011 году ў Варшаве, калі ішоў на вулічны канцэрт гурта «Серебряная свадьба», проста па хадзе і прыдумалася. «Сьпёка» паўстала годам пазьней і першапачаткова мела назву «Летняя, частка 2». «Неяк прышла думка стварыць простую песьню з добрым настроем, бо надакучыла сацыялка, так і зьявілася „Сьпёка“», — апавядае Памідораў. Спачатку яна існавала толькі ў рэгі-варыянце. Як пачалі запісваць яе на студыі, дык перарабілі на рокавы лад. «Музыкі прапанавалі ня біць капытамі ды перашаманіць яе ў ракешнай вэрсіі», — зазначае Аляксандар. Менавіта гэта вэрсія была прэзэнтавана для чарту на Tuzin.fm. Цікава, што вэрсія адной «Сьпёкі» сканчаецца так, як пачынаецца другая вэрсія.

Трэцяя песьня «Стан» — ня новая. Яна была адна зь першых, напісаных для другога альбому Pomidor/off «Патас/Попс/Прапаганда». Паўстала ў 2005 годзе, а на дыск увайшла пад назвай «П.Г.П». Для EP «Сьпёка/Spioka» яна была перазапісаная цалкам і гучыць зусім у іншым выглядзе — акурат так яна выконваецца на канцэртах ужо зь сем гадоў.

ЕР «Сьпёка/Spioka» выдадзены ў дзьвюх вэрсіях, Blue i Gold. Blue — больш традыцыйна-рокавай накіраванасьці, Gold — з рэгі-прысмакам. Да таго ж рэдакцыі розьняцца працягласьцю некаторых трэкаў і рознымі хітрыкамі для мэляманаў у міксе. Кожная рэдакцыя мае сваю вокладку. «У спалучэньні колераў Blue i Gold кожны вольны шукаць які хоча зьмест — ад колераў царкоўных ды рэлігійна-сымбалічных (золата на блакітным) да колераў сьцягу Ўкраіны», — кажа Памідораў.

 

На Tuzin.fm прадстаўляецца «залатая» вэрсія сынглу.

EP «Сьпёка/Spioka»

1.       Сьпёка (арыгінальная вэрсія)

2.       Летняя

3.       Стан

4.       Сьпёка (рок-вэрсія)

Гукарэжысэр — Ігар «Гарык» Плевін

Прадусар — Аляксандар Памідораў

Дызайн вокладкі: Аляксей Пацёмкін (AlexArtPhoto, USA)

Удзельнікі:

Сяргей Канановіч — бас, гітара, музыка

Аляксандар Памідораў — гітара, вакал, музыка

Дзьмітры Харытановіч — бубны, пэркусія, музыка

Вераніка Круглова — вакал

Сьвятлана Круглова — вакал

Валерыя Валадзько — вакал

Cпампаваць адным файлам з Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • lipa777 / адказаць
    09.04.2014 / 20:19

    "Спека" ў рэггі гэт нешта неверагоднае.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    10.04.2014 / 16:17

    "Блакітная" вэрсія сынглу "Сьпёка" даступная для праслухоўваньня і спампоўваньня тут:

    http://ultra-music.com/news/20339

    http://euroradio.by/prezentacyya-na-euraradyyo-er-spyoka-gurta-pomidoroff-audyyo

  • Max / адказаць
    25.04.2014 / 15:31

    Аляксандру вяликi дзякуй за выдатную музыку!!!

  • КАМЕНТАВАЦЬ