Шосты ўдзельнік фэсту «Травень» — Кася Камоцкая! (аўдыё, відэа)
2444 / 0
18.04.2014

Шосты ўдзельнік фэсту «Травень» — Кася Камоцкая! (аўдыё, відэа)

Першая беларуская рок-князёўна выступіць у межах фэсту «Травень» з сэтам найлепшых сваіх песень, а таксама абяцае некалькі сюрпрызаў.

Кася Камоцкая не выступала на вялікай сцэне блізу 10 гадоў. Пасьля прыпыненьня дзейнасьці гурту «Новае Неба» сьпявачка дала некалькі выступаў у unplugged-фармаце ды ўшчыльную занялася іншай справай — кінадакумэнталістыкай. Месяц таму яна вырашыла вярнуцца ў музыку і дала сумесны канцэрт з Алесем Камоцкім. Цяпер рыхтуецца да сэту на фэстывалі «Травень».

«Я бы не назвала гэта такім гучным словам, як вяртаньне. Не магу сказаць, што актыўна зьбіраюцца займацца музычнымі справамі. Гэтага прагне звычайна той, хто хоча самасьцьвердзіцца, а ў мяне такое жаданьне паўстае зрэдчас. Але я адгукаюся на просьбы сяброў і людзей, якія хочуць мяне пачуць», — заўважае першая беларуская рок-князёўна.

Відэа. Кася Камоцкая апошнім часам дае невялічкія выступы ў розных гарадах Беларусі. Адзін з такіх міні-канцэртаў прайшоў у Бабруйску, 9 сакавіка 2014. Адна зь візытовак Камоцкай — песьня «Мая краіна» на верш Міхала Анемпадыстава.

Да выступу на «Траўні» сьпявачка рыхтуе сэт з сваіх найлепшых песень за 25 гадоў і некалькі сюрпрызаў. «Лічу, што на падобнай імпрэзе найлепш сыграць якраз знаёмыя публіцы песьні — тыя, якія найперш ад мяне чакаюць — на вершы Міхала Анемпадыстава, Адама Глёбуса, Ігара Бабкова, Тацяны Сапач. Але пакіну месца і для новых, апошнім часам у мяне сугучча больш з клясыкай — Алесем Гаруном, Янкам Купалам».

Сярод іншага, Кася абяцае зайграць песьню «Шостае падарожжа» на словы Ігара Бабкова. Гэта твор ужо можна лічыць клясыкаю, ён увайшоў у самы першы альбом гурту «Новае Неба» — «Дзеці чорнага гораду» (1991), а праз 15 гадоў пасьля гэтага ўжо ў новай лайв-вэрсіі стаў пераможцам гіт-параду на «Тузіне Гітоў». У гэтай вэрсіі Касі Камоцкай падыгрывае Слава Корань (гітара), Юлія Глушыцкая (віялянчэль).

На фэсьце «Травень» Кася выступіць разам з сваім новым гітарыстам Сяргеем Скуратам. Сьпявачка кажа, што ёй вельмі падабаецца працаваць з гэтым музыкам, бо ён нестандартна мысьліць. Кася таксама не выключае, што падчас выступу да яе далучыцца і нязьменная віялянчалістка «Новага Неба» Юлія Глушыцкая, калі толькі ў той атрымаецца прыехаць дзеля выступу з Масквы, дзе яна цяпер жыве.

Фэстываль «Травень» пройдзе на сцэне клюбу «Мулен Руж» 18 траўня. На ім выступяць Re1ikt, «Людзі на балоце», Тацяна Беланогая, Naka piano і Кася Камоцкая. Вядучы — Алег Хаменка.

Квіткі на фэст можна набыць па 120 000 (танцпляц, у клюбе «Графіці»), 130 000 (танцпляц, на сайце Kvitki.by) і 150 000 (столік, набыць можна толькі ў клюбе «Графіці»). Пасьля 1 траўня ўваход будзе каштаваць даражэй.

Інфалінія фэсту «Травень»: 638-44-44 (мтс, velcom, life).