Экспэрт Tuzin.fm Зьміцер Безкаравайны: «Магічная моц беларускай мовы»
3891 / 0
21.04.2014

Экспэрт Tuzin.fm Зьміцер Безкаравайны: «Магічная моц беларускай мовы»

Калі выканаўца бярэцца сьпяваць на беларускай, то набывае дадатковую прыцягальнасьць. Назіраньне экспэрта сакавіка на Tuzin.fm Зьмітра Безкаравайнага.

Прывітаньне ўсім,

Хачу папрасіць прабачэньня за значнае спазьненьне з камэнтаром. Канцэрты пераможцаў Experty.by (дарэчы, запрашаю менчукоў 27 красавіка на сольнік BosaeSonca ў Tarantino), прэмія Rock Profi, Tallinn Music Week, ну і прасоўваньне камэрцыйных замежных канцэртаў, як жа безь яго на жыцьцё зарабіць. Але абяцаў — значыцца, вінаваты. Прабачце.

У сваім аглядзе ня бачу сэнсу надцаты раз пісаць пра вядомых артыстаў. Ну няўжо вы безь мяне не сфармуеце сваё стаўленьне да новых і ня вельмі твораў «Ляпісаў», Пугача, Pomidor/Off, «Палацу», Akute? Ці вам не хапае панэгірыкаў/жарцікаў/зьдзекаў у іх адрас? Упэўнены, што хапае ўсяго. Давайце лепш зазірнем далей і паглядзім, што там адбываецца глыбей. Я адмыслова спампаваў сабе тузін трэкаў, якія дагэтуль ня слухаў як сьлед ці наогул. Зь іх атрымаўся квартэт лідараў.

Для мяне найбольш цікавым атрымаўся трэк гурта Tonqixod «Насыпаць горы» — эстэтычна, зьмястоўна, правакацыйна. Мне падабаецца, калі беларускія гурты шукаюць нешта новае і нестандартнае, а яшчэ больш падабаецца, калі яны гэта знаходзяць. Менавіта таму галасаваў за іх у журы «Басовішча-2013» — каб пераможца абіраўся не па запісах, а па выступе, яны б хутчэй за ўсё перамаглі. Вельмі істотна, што бачна разьвіцьцё праекту за гэты няпоўны год.

А вось далей дзіва дзіўнае — тры трэкі зь дзяўчынамі на першым плане. Пры тым, што ў індзі-культуры (якой пераважна займаецца Tuzin.fm) заўжды іх было 1 на 30 вакалістаў у найлепшым выпадку. Ці тое прапорцыя зьмянілася, ці тое якасьць вакалістак рэзка падскочыла.

Паліну Рэспубліку ўжо нельга назваць малавядомай спявачкай, але запісаў дагэтуль вобмаль. Упэўнены, што яна жадае запісаць дэбютны альбом ня менш за тое, як яе фэны жадаюць пачуць яго. Але добра, што яна адказна ставіцца да гэтага і не зьбіраецца выдаваць абы што. Мяркуючы па ўдалай песьні «Лета» (за якую, дарэчы, у межах Rock Profi прагаласаваў нават лідэр Gods Tower Лэсьлі Найф), альбом можа быць і даволі хутка. Гарманічны пап-рок з цымбаламі і жалейкамі.

«Вясна» ад магілёўцаў Waria — гэта ўзор магічнай моцы беларускай мовы. Бо на расейскай гэта быў досыць прафэсійны, але вельмі стандартны трэк. А на беларускай яна нават засьпявала зь нейкім іншым пачуцьцём і разуменьнем. Дарэчы, сёньня ўдзельчаў у спрэчцы наконт таго, ці трэба самым вядомым магілёўцам Akute пераходзіць на расейскую мову, каб захапіць расейскі музычны рынак. Маё меркаванне, што «лірычная» моц гэтага гурта таксама ў мове. І калі перакласьці іх ня вельмі складаныя тэксты на расейскую, магія зьнікне. Але можа і варта паспрабаваць, каб пераканацца. Можа сапраўды стануць сучаснымі «Агата Кристи» і пачнуць зьбіраць стадыёны.

Ну і не магу не адзначыць Navi зь «Не засынай» — ізноў магія мовы. Песьні на расейскай у іх быццам ад іншага гурта — гучаць, як банальная беларуская эстрада. Вельмі прашу іх працягнуць менавіта беларускамоўную лінію і можа трохі больш сьмела ў музыцы экспэрымэнтаваць зь якаснай папсой заходняга ўзору, якую яны відавочна слухаюць. Сучаснай беларускай пап-музыкі не хапае, а беларускамоўнай дык і зусім няма. Пры гэтым я аптыміст у сэнсе ацэнкі патрыятычнасьці беларусаў — справа менавіта ў якасным прадукце. Мінулыя посьпехі «Крамбамбулі», сучасныя посьпехі Akute і Паліны Рэспублікі, якія скараюць большай часткай небеларускамоўную аўдыторыю, пра гэта яскрава сьведчаць.

Вось на гэтай аптымістычнай ноце я прапаную скончыць.

Зьміцер Безкаравайны, Tuzin.fm

Экспэрт ТГ нарадзіўся ў 1978 годзе ў Тульскай вобласьці (Расея) у сям’і ўкраінцаў. У Беларусі жыве з 1986 году. Скончыў МДЛУ па спэцыяльнасьці перакладчык-рэфэрэнт, абараніў дыплём «Пераклад лексыкі шоў-бізнэсу з ангельскай на расейскую мову». У журналістыцы — з 1996 году («Музыкальнае газета», «Отдыхай», «Белгазета»). З 2008 году кіруе праектам Experty.by. У якасьці піяр-мэнэджара/прэс-аташэ працуе з 2000 году з рознымі беларускімі артыстамі («Ляпіс Трубяцкі», «J:морс», «Крамбамбуля», Лявон Вольскі ды іншыя). Супрадусар прэміі Rock Profi.