!OUT: «Бурштынавы шлях» Earworm (аўдыё)
3024 / 0
21.04.2014

!OUT: «Бурштынавы шлях» Earworm (аўдыё)

Нойз-рокавы гурт з Горадні Earworm — герой рубрыкі !OUT. Заснавальнік калектыву Андрэй Куцко распавёў Tuzin.fm пра перавагу эмоцыі над музычнымі прыёмамі, студыю ў Бранску, параіў усім зьезьдзіць у Днепрапятроўск ды паказаў, што застанецца пасьля яго каманды ў будучыні.

З агульнага мэдывальна-панкавага гучаньня Горадні моцна выбіваецца квартэт Earworm. Літаральна назву калектыву можна перакласьці як «вушны чарвяк», хаця насамрэч гэта слэнгавае слоўца, якое абазначае ўедлівы кавалак музыкі, што не выходзіць з галавы. Нельга сказаць, што Earworm практыкуе запамінальныя мэлёдыі, але як на зьяву на яго, сапраўды, немагчыма забыцца. Гурт існуе ўжо каля 10 гадоў, аднак першы лонгплэй «Amber» («Бурштын») выдаў толькі цяпер. Відавочна, альбом стане адным з самых неардынарных у гэтым годзе. На пытаньні Tuzin.fm адказаў гітарыст і заснавальнік калектыву Андрэй Куцко.

2 EP + 1 LP

ТГ: Колькі ў вас усяго рэлізаў? Гэты, я так разумею, трэці, але паўнавартасны.

Так, з новым атрымоўваецца тры. Праўда, першыя два ня вельмі даўгія, але ідэйна цэльныя. Новы альбом атрымаўся сапраўдным ва ўсіх сэнсах. А ўвогуле матэрыялы з нашых альбомаў выходзілі ў Нямеччыне, Расеі, ЗША, як на нэт-лэйблах, так і на CD ды вініле.

ТГ: Чаму была такая працяглая паўза ў выданьні новых запісаў?

Рацыянальна тое цяжка патлумачыць. Пасьля запісу кожнага альбома (акром апошняга) мы траплялі ў хвалю незразумелых падзеяў і станаў. Гэта прыводзіла на зьмены складу ды мяняла гучаньне разам з ідэйным складнікам музыкі. Пасьля першага альбома сышоў басіст, пасьля другога — басіст і бубнач. А для невялікага гораду гэта вельмі сур’ёзныя страты, бо знайсьці блізкага па духу музыку ў Горадні надзвычай складана. Аднак прычына паўзы ня толькі ў тым. Новы альбом мусіў выйсьці яшчэ ў 2012 годзе, але зьявіліся праблемы са зьвядзеньнем, пра якія непрыемна згадваць.

«ВУШНАЯ» ГЕАГРАФІЯ

ТГ: Альбомны матэрыял, відаць, доўга абкатваўся на канцэртах? Дзе ўвогуле пасьпелі пайграць за мінулыя 10 гадоў?

Тут пахваліцца асабліва няма чым: Беларусь, эўрапейская частка Расеі (звычайна Масква), Украіна… Калі на поўнач, то да Мурманску аднойчы дабраліся, на поўдень — даяжджалі да Днепрапятроўску.

ТГ: Публіка неяк розьнілася па рэакцыі?

Яна ня межамі падзяляецца. У кожным горадзе складваецца свая канцэртовая культура й атмасфэра. Нават у геаграфічна блізкіх пунктах могуць быць абсалютна адрозныя па мэнтальнасьці людзі. Вельмі спадабалася адно месца: арт-цэнтар «Квартира» ў Днепрапятроўску. Гэта я хутчэй для музыкаў кажу. Калі будзеце турыць, паспрабуйце туды патрапіць. Гэта нейкае ідэальнае места. Папросту ня верыцца, што такія існуюць.

ФАНТАСТЫКА Ў БРАНСКУ

ТГ: Дзе запісвалі альбом? Усе разам ці па трэках?

Мы доўга шукалі студыю, людзей, зь якімі можна працаваць. У выніку знайшлі ідэальнае для нас месца ў Бранску — студыю Юры Плятнёва. Знайшлі і таленавітага гукарэжысэра Валіка Барысевіча. Мы правялі фантастычны тыдзень у Бранску. Дагэтуль ад успамінаў становіцца цёпла. А запісваліся «пачкам», бо з гэткім матэрыялам немагчыма інакш.

ТГ: Акром асноўнага вашага «пачку» бубны+бас+гітара+віялянчэль, я ўчуў у альбоме дыджэрыду, чмялёў і нават наводку ад мабільніка.

На дыджэрыду (трэк 3 — заўвага ТГ) грае наш бубнач. Магчыма, у будучыні можна будзе пачуць і флейту. Жужжаньне чмялёў (трэк 3 — заўвага ТГ) сьцягнулі з нэту. А наконт мабільніка (трэк 5 — заўвага ТГ): так атрымалася, што ў найлепшым дублі тэлефон выдаў усім вядомую наводку. Вырашылі пакінуць.

АДЦЕНЬНІ БУРШТЫНУ

ТГ: Адчуваецца, што за гады вы абрасьлі эфэктамі, прымочкамі… Але прынцып пабудовы кампазыцыяў, здаецца, не зьмяніўся.

У мінулых альбомах мы яшчэ выдумвалі, што ды дзе сыграць. У «Amber» жа нас цалкам захапіла эмоцыя. Гэта хутчэй паток. Тут важны хутчэй тэмп і тэмбар, чым нейкія музычныя прыёмы. Хочаце — верце, хочаце — не, але ў гэтым альбоме няма нічога спэцыяльна надуманага.

ТГ: Аднак канцэпцыя прысутнічае. Што азначаюць назвы — Valchovite, Kiscellite, Ambrite?..

Мы папросту распавялі гісторыю з васьмі частак. Назвы трэкаў — гэта розныя віды бурштыну. Бо гэты мінэрал адрозьніваецца па колеры, структуры, шчыльнасьці. Бурштын можна й у будучыні знайсьці, а ўва што будуць заключаныя рэшткі нашае цывілізацыі? Што ж пасьля нас застанецца? Тое, што застанецца ад гурту Earworm, можна пабачыць на вокладцы. А што застанецца пасьля вас?

Earworm у сацсетках — УК/FB.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота прадстаўлены гуртом

Адным файлам альбом «Amber» можна спампаваць на лэйбле «Пяршак».

Тэгi: