Менскія ўлады забаранілі канцэрт гурту Amaroka (відэа)
4306 / 0
06.05.2014

Менскія ўлады забаранілі канцэрт гурту Amaroka (відэа)

Чыноўнікі адмовіліся даваць гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт гурту Amaroka. Музыкам патлумачылі, што іх творчасьць можа падпадаць пад прапаганду вайны ці экстрэмізму ды ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Канцэрт-прэзэнтацыя новага альбому гурту Amaroka плянаваўся на 5 чэрвеня. Адпаведна з правіламі, заява на яго правядзеньне была пададзена ў галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і справаў моладзі Менгарвыканкаму. Але ў правядзеньні мерапрыемства было адмоўлена. Адзін з арганізатараў выступу Павал Белавус намагаўся высьветліць прычыну адмовы ў размове з намесьнікам начальніка ўпраўленьня Сяргеем Мядзьведзевым. «Чыноўнік у нашай размове спаслаўся на пункт 5 указу №257 і сказаў, што з гэтае прычыны нам ня могуць даць дазвол», — кажа Павал. У дадзеным дакумэнце пазначана, што забараняецца правядзеньне мерапрыемстваў, якія маюць на мэце ажыцьцяўленьне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасьці, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці, здароўю насельніцтва, правам і свабодам градзян, а таксама парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку ў сфэры аўтарскага права і сумежных правоў».

Павал Белавус кажа, што гурт Amaroka будзе дамагацца больш канкрэтных тлумачэньняў з гэтай нагоды, бо анічога з таго, што пазначана ў дакумэнце, у творчасьці музыкаў няма і блізка.

Прыблізна з гэтых жа прычынаў практычна адначасова быў забаронены канцэрт гурту Pet Nihil у Горадні. Tuzin.fm будзе сачыць за разьвіцьцём падзеяў.

Нядаўна гурт прадставіў кліп на адну з сваіх песень «Разрываеш». У галоўнай ролі ў ім зьнялася зорка беларускай лёгкай атлетыкі Аліна Талай.

Tuzin.fm