«Стары Ольса». Сярэднявечча ў топе
2754 / 0
06.05.2014

«Стары Ольса». Сярэднявечча ў топе

Рэліз «Santa Maria» ад гурту «Стары Ольса» перамог у альбомным чарце на Tuzin.fm па выніках 6-га туру галасаваньня ў сэзоне 2013—2014 гадоў.

Праца «Старога Ольсы» апынулася наперадзе ў красавіцкім галасаваньні зь немалым адрывам ад іншых — у 96 галасоў ад альбому, што заняў другое месца і ў 168 ад трэцяга месца. Лідэр гурту Зьміцер Сасноўскі сустрэў гэтую навіну з радасьцю, але прызнаўся, што за галасаваньнем не сачыў. Музыка апошнім часам практычна цалкам аддаўся аднаму з сваіх шматлікіх хобі. Ён кладзе коміны. «Для мяне чарт уяўляе цікавасьць, калі галасаваньне ідзе сумленна. Шмат каго зь яго удзельнікаў ведаю асабіста і таму ўпэўнены, што яны ня будуць накручваць. А значыць такая перамога — сапраўды прыемная. Шчыра дзякую за падтрымку, бо гэты альбом сапраўды для нас быў надзвычай важным», — зазначае Зьміцер.

Іншы ўдзельнік каманды, лютніст Ільля Кубліцкі зь цікавасьцю сачыў за разьвіцьцём падзеяў у чарце: «Зьдзіўлены, што сярод сучаснай музыкі сярэднявечная таксама здабывае такую вялікую прыхільнасьць. Попыт на яе не зьнікае, пра што сьведчыць і гэтая перамога», — кажа музыка. Сам ён аддаваў свае галасы ў чарце за BosaeSonca i Litvintroll — праект бубнача і альтыста «Старога Ольсы» Андрэя Апановіча. У бягучым туры, дарэчы, бярэ ўдзел яшчэ адзін праект «ольсаўскага» музыкі — Ceilidh Ceol вакаліста Алеся Чумакова.

Сасноўскі коміны на музыку не мяняе — ужо ўвосень яго гурт пачынае запіс новага дыску. «Гэта будзе цалкам сьпеўны альбом, рыцарскіх застольных песень. Усе творы для яго мы знайшлі, апрацавалі, паступова абкатваем іх на канцэртах і яны ўжо атрымалі прызнаньне ў рыцарскім асяродку», — кажа лідэр «ольсаў». Дарэчы, сёлета «Стары Ольса» адзначае сваё 15-годзьдзе, і ўжо прызначаны вялікі сольны канцэрт з гэтай нагоды 16 лістапада ў ДК МАЗ.

Tuzin.fm