The Unlimited Trio. Бязьмежная зона (відэапрэм’ера)
4168 / 0
06.05.2014

The Unlimited Trio. Бязьмежная зона (відэапрэм’ера)

Унікальны беларускі гурт прадстаўляе на Tuzin.fm відэавэрсію свайго выступу ў Праскай кінаакадэміі, якую зьняў рэжысэр Міхал Дворжак.

The Unlimited Trio выбітнае найперш рэдкім спалучэньнем інструмэнтаў — у гурце задзейнічаны акустычная гітара, альт і баян. Музычнае мысьленьне ў музыкаў настолькі шырокае, што акрэсьліць дакладна стылістыку не ўяўляецца магчымым. «Наша назва ўжо адлюстроўвае падыход да нашага музычнага жыцьця, — кажа баяніст калектыву Алесь Ясінскі. — Мы слухаем рознае, працуем у розных накірунках. Нашая пазыцыя ў тым, каб не абмяжоўваць сябе. Гэта пазыцыя стылёвай эклектыкі, дзе розныя веяньні розных жанраў аб’ядноўваюцца адной ідэяй». Разам з тым, у «Бязьмежным трыё» гучаць выключна акустычныя інструмэнты і цалкам адсутнічаюць словы.

Гурт быў заснаваны ў 2008 годзе ў Менску, акром Алеся ў ім задзейнічаны Мікіта Крэйн (гітара) ды Ільля Чарнаклінаў (альт). Так склалася, што зь цягам часу ўсе музыкі паступова зьехалі ў Чэхію. Але не губляюць сувязь з Радзімай — той жа Ясінскі дагэтуль працуе з гуртамі BosaeSonca і Fratrez. Дэбютны альбом The Unlimited Trio выйшаў на францускім лэйбле Great Wind Records, а пазьней на чэскім Poli5.

Адна з тэндэнцыяў у сучаснай акадэмічнай музыцы — аўтар і выканаўца сумяшчаюцца ў адным чалавеку. The Unlimited Trio ідзе тым жа шляхам: тры кампазытары супольна выконваюць свае творы. Прытым, калегі-мэтры  (як, напрыклад, Галіна Гарэлава) шчодрыя на камплімэнты ў іх адрас. А звычайная публіка ў розных гарадох Беларусі і па-за межамі нашае краіны заўважае нязмушаную беларускасьць трыё. Пры ўсёй неабмежаванасьці мэнтальнасьць не схаваеш.

Разам з тым, стылёвая база гурту застаецца акадэмічнай, але нотныя партытуры The Unlimited Trio досыць умоўныя, кшталту схемы. Шмат прасторы пакідаецца для адвольных спантанных малюнкаў. «Мы не імкнемся адкрыць новыя гармоніі ды пабудовы, а папросту выказваем свае пачуцьці. На чым паставіш прыярытэт, тое і будзеш рабіць. Так, шмат прыкладаў таго, калі чалавек з музычнай адукацыяй, які бліскуча выконвае клясычныя творы, у пляне імправізацыі ці нейкага крэатыву ня можа сябе праявіць. І таксама ёсьць адваротныя прыклады, калі чалавек пасрэдна выконвае клясыку, але выяўляе сваю крэатыўнасьць ствараючы штосьці новае», — кажа Аляксандар.

Простымі творы гэтых музыкаў не назавеш. Узяць хаця б п’есу «Рытуал», якая заснаваная на паданьні пра рэлігійную сэкту, што існавала на Блізкім Усходзе і практыкавала вельмі жорсткі рытуал: перад тым, як прынесьці чалавека ў ахвяру, яго падвяргалі гіпнозу. Музыкі паспрабавалі ўявіць сабе стан ахвяры, якая ўсё добра адчувае, але ня можа аніяк супрацьдзейнічаць. Вельмі надзённая ў нашых варунках сытуацыя.

The Unlimited Trio аздобілі сваёй музыкай дакумэнтальны фільм тэлекампаніі «Мір» — «Дзіга Вертаў — чалавек з кінаапаратам». А іх другі па ліку кліп «Калыханка» атрымаў галоўны прыз на менскім конкурсе кароткамэтражных фільмаў Smartfilm. Да здымак свайго канцэрту ў студыі FAMU (Праскай кінаакадэміі) музыкі таксама падыйшлі з усёй грунтоўнасьцю. Пры гэтым яны імкнуліся максымальна перадаць атмасфэру жывога канцэрту, а таму не карысталіся мантажом гуку і не рабілі дадатковых запісаў. Здымкамі кіраваў чэскі рэжысэр Міхал Дворжак, а гук звадзіўся ў Беларусі выдатным майстром сваёй працы Віктарам Кісьценем.

На гэтым запісу прадстаўлены тры кампазіцыі — «Апантанасьць» (Obsession), «Рытуал» (Ritual) і «Адваротны бок» (Another Side).

25 чэрвеня ў праскім клюбе «NOD» The Unlimited Trio прэзэнтуе праграму, створаную разам зь беларускай танцоркай Лолай Карпенкай, якая таксама жыве ў Празе. Таксама гурт плануе запісаць другі альбом ды наведаць з канцэртамі родную Беларусь. За актуальнай інфармацыяй гурта можна сачыць на афіцыйнай старонцы ў facebook.

Віктар Сямашка, Сяргей Будкін, Tuzin.fm, здымкі з пустыні Антона Сянькова

The Unlimited Trio. Live Famu Studio (прэм’ера на Tuzin.fm)