12 прычынаў пайсьці на «Травень»
2638 / 0
08.05.2014

12 прычынаў пайсьці на «Травень»

Канцэртны праект «Жывы Тузін» у гэтым сэзоне закрывае фэстываль «Травень», які мае на мэце прадставіць найлепшых беларускіх музыкаў, што выступаюць у акустыку.

Вытокі «Траўня» ў сэрыі канцэртаў пад агульнай назвай «Тузін.Unplugged», што праходзілі цягам 2011 і 2012 году, у межах якога свае акустычныя праграмы прадстаўлялі такія гурты, як BosaeSonca, «J:морс», Pomidor/off, Neuro Dubel, B:N:, «Зьмяя», Znich, Паліна Рэспубліка, «Людзі на балоце» ды іншыя. Сёлета партал Tuzin.fm, каманда паб-клюбу «Графіці» і кампанія «Будзьма беларусамі!» аб’ядналіся дзеля правядзеньня акустычнага фэстывалю, які можа стаць традыцыйным. «Травень» пройдзе 18 траўня ў менскім клюбе «Мулен Руж» і закрые клюбны канцэртны сэзон — «тузінаўскія» канцэрты адновяцца ўвосень. Мы знайшлі 12 прычынаў, па якіх варта наведаць гэтую імпрэзу.

1.       Адчуць моц акустыкі

«Травень» мае на мэце перафарматаваць уяўленьне пра аўтарскі сьпеў, які прынята называць «бардаўскім». Сучасныя санграйтэры ўзброеныя ня толькі гітарамі. Пераходзячы межы кананічнага ўяўленьня пра сьпеўную паэзію, яны наўпрост ідуць шляхам пошукаў новага гучаньня. Адны ўводзяць дадатковыя інструмэнты, іншыя зьбіраюць вакол сябе цэлыя гурты — і ствараюць гэтым чынам сучасную акустычную плынь. І новы кантэкст. Усіх выканаўцаў яднае якасна новы падыход да тэксту і яго ўвасабленьне ў музыцы.

 

2.       Правесьці вечар ва ўтульнай атмасфэры

Другая вечарына з сэрыі «Жывы Тузін» праходзіць у клюбе-рэстарацыі «Мулен Руж» з належным патасам, бяз попсу ды прапаганды. У адрозьненьне ад мінулага канцэрту Паліны Рэспублікі на «Траўні» танцпляц будзе пашыраны і зьмесьціцца проста ля сцэны, частку столікаў пакінуць для тых, хто захоча належным чынам адзначыць сканчэньне канцэртнага сэзону ці проста пасядзець за кавай. Даступны і другі паверх. Заўважым, што квіткі на танцпляц даступныя он-лайн і ў гарадзкіх касах Kvitki.by, а таксама ў клюбе «Графіці», а месцы за столікамі можна забраніраваць і набыць толькі праз «Графіці».

3.        Схавацца ад хакею

«Травень» якраз прыпадае на час правяденьня ў Менску чэмпіянату сьвету і з гэтай нагоды будзе зонай, свабоднай ад хакею. Прызначанай для прытомленых ад зацятага заўзеньня — свайго ды іншых, а таксама тых, хто ходзіць толькі на гульні зборнай Беларусі, якая ў гэты дзень якраз адпачывае.

4.       Зацаніць Re1ikt з духавымі

Найлепшы беларускі гурт 2013 году па вэрсіі Tuzin.fm абяцае зьдзівіць. Свае вядомыя ўжо творы гурт пакажа ў адрозных аранжыроўках. Музыкі вырашылі далучыць да складу духавыя інструмэнты, так што некаторыя іх кампазыцыі загучалі зусім інакш.

 

5.       Пабачыць першую беларускую рок-князёўну

Кася Камоцкая прыпыніла актыўную канцэртную дзейнасьць 10 гадоў таму, а цяпер зноў вярнулася на сцэну. На «Траўні» прагучаць творы, якія сталі клясыкаю беларускай рок-музыкі ў яе непаўторным выкананьні. Абяцаецца «Мая краіна», «Шостае падарожжа», «Дзеці чорнага гораду», абраныя рэчы з «Народнага альбому».

6.      Пачуць новы HandmadE

Адна з самых стылёвых і рамантычных камандаў на беларускай сцэне абяцае на «Траўні» зьдзівіць і паказаць тое, чаго ад іх зусім не чакаюць. У прыватнасьці прадставіць песьню з правакацыйнаю назваю «Сонца, не сьвяці ты гэтым паскудам». Нямаведама, ці далучыцца да гурту ў гэты вечар іх былы бас-гітарыст, тайбаксэр Віталь Гуркоў, які падпеў у адной з новых песень «Бег па канатах», але драйву, шалу, а можа нават і юру будзе дастаткова дакладна.

 

7.       Адкрыць Янішчыц

Зорка беларускай аўтарскай песьні Тацяна Беланогай на «Траўні» зайграе частку з сваёй вялізарнай праграмы на вершы выдатнай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц, якая скончыла жыцьцё самагубствам у 40 гадоў. Усе ведаюць яе верш «Ты пакліч мяне. Пазаві». Тацяна пераадкрые з дапамогай музыкі іншыя творы, якія заслугоўваюць ня меншай увагі.

8.       Прасякнуцца «Накай»

Праект Naka piano — гэта фартэпіяна і трошкі нэрвова. Эмацыйнасьць і неўтаймаванасьць Насты Шпакоўскай у камэрнай падачы ўражвае. Абяцаецца прэм’ера — плён супрацы зь літаратарам Сяргеем Балахонавым, аўтар беларускай вэрсіі візытоўкі Naka «Бяжы».

9.       Пасьпяваць зь «Людзьмі на балоце»

Неверагодна драйвовы праект гарадзенскіх музыкаў выконвае песьні, якія лёгка развучыць і прасьпяваць — пра партызанаў, чорны сьцяг, радыеактыўны сьнег. Прапускаць іх выступ ня варта, бо ў Менску яны нячастыя госьці.

10.   Выйграць падарункі

Падчас фэсту нязьменны вядучы «тузіноўскіх» канцэртаў Алег Хаменка па традыцыі разыграе сярод гледачоў колькі падарункаў ад парталу Tuzin.fm ды кампаніі «Будзьма беларусамі!». Сярод прызоў будзе эксклюзіўны трайны DVD праекту «Тузін. Немаўля», які ўжо стаў рарытэтам.

 

11.   Выказаць рэспэкт «Тузіну»

Партал Tuzin.fm ужо 11 гадоў трымаецца выключна на энтузіязьме яго стваральнікаў, сайт прынцыпова не завешваецца рэклямаю патрыманых лядоўняў «Львоў» і новых кватэраў у Маскве, а таму ўсе грошы, выручаныя з імпрэзаў «Жывы Тузін» ідуць на тэхнічнае абслугоўваньне і разьвіцьцё рэсурсу. Прыйсьці на «Травень» значыць падтрымаць нашу справу ня толькі на словах.

12.   Запачаткаваць традыцыю

Фэст «Травень» праводзіцца ўпершыню. Калі яго ідэя прыйдзецца даспадобы слухачам, то ён стане традыцыйным і ў яго межах выступяць яшчэ нямала вартых увагі выканаўцаў.

Інфалінія фэсту «Травень»: 638-44-44 (мтс, velcom, life)

Tuzin.fm