«Стары Ольса»: «Калі ты ў топе, значыць камусьці патрэбны»
1927 / 0
04.06.2014

«Стары Ольса»: «Калі ты ў топе, значыць камусьці патрэбны»

«Santa Maria» гурта «Стары Ольса» другі раз запар прызнаны альбом месяца на Tuzin.fm.

Адрыў у сёмым туры ад другога месца значна скараціўся. Альбом «ольсаў» усяго на 9 галасоў апярэдзіў працу гурта BosaeSonca «Адпусьці». Месяц таму «Santa Maria» апярэдзіла гэты ж альбом ажно на 96 галасоў!

З нагоды перамогі ўдзельнікі «Старога Ольсы» вырашылі даць слова адзінай дзяўчыне ў калектыве — Марыі Шарый. «Наша справа — творчасьць, а галасаваньне — справа слухачоў і фанатаў. Калі ты ў топе, значыць ты камусьці патрэбны. Прыемна, што гэта не накручаная колькасьць галасоў сябрамі і сваякамі. Адзін шчыры фанат падчас апошніх канцэртаў прызнаўся, што для яго прагаласаваць кожны дзень за Старога Ольсу“, як пачысціць зубы, шкада толькі, што ня два разы на дзень: зранку і ўвечары. Людзі пастаянна запытваюць пра тэксты песень і ноты, хтосьці сьпявае для сябе, хтосьці робіць кавэры. Адным словам музыка пайшла ў народ!» — кажа Марыя. Дарэчы, песьня «Ave Maria» з гэтага альбому толькі што стартавала ў песенным чарце.

У альбомным чарце цяпер бяруць удзел таксама два рэлізы, запісаныя іншымі праектамі ўдзельнікаў «Старога Ольсы»: Ceilidh Ceol Алеся Чумакова і Litvintroll Андрэя Апановіча. Маша кажа, што да праектаў адзін аднаго музыкі ставяцца станоўча: «Абмяркоўваем, слухаем, зацэньваем, але негадуем, калі гастролі перасякаюцца, бо тады бачыш шкалу прыярытэту. Кпіны таксама ёсць, але на ўзроўні жартаў. Але як кажуць: у жарце частка жарта, а астатняе праўда», — з усьмешкаю распавядае ўдзельніца гурта і дадае, што таксама «ольсы» зь цікаўнасьцю сочаць за творчасцю «канкурэнтаў». Апошнім часам увагу асабліва прыцягнулі гурты Cornucopia і «Яварына».

«Стары Ольса» ўжо адкрыў фэстывальны сэзон выступам на фэсьце «Рубон» у Полацку. Цяпер музыкі едуць у Сургут, дзе 12 чэрвеня адбудзеца фэстываль «Мангазейский ход».

Tuzin.fm, фота R_Kat