!OUT: Сьпеўны тузін Генадзя Бураўкіна
12398 / 0
06.06.2014

!OUT: Сьпеўны тузін Генадзя Бураўкіна

TuzinFM прадстаўляе складанку памяці найлепшых песень на словы Генадзя Бураўкіна: «Сябры», «Верасы», «Песьняры», Данчык, Ісупава, Вайцюшкевіч і нават «Электропартизаны» Вадзіма Курылёва…

Адыходзяць тытаны… 30 траўня ня стала Генадзя Бураўкіна. Многія тэксты клясыка запісаныя ў нас на падкорцы. Бязь іх нашае жыцьцё было б няпоўным. Вершы Бураўкіна агучвалі на розныя лады найвядомейшыя кампазытары Беларусі, ансамблі ды аркестры. Хаця сам аўтар сьцьвярджаў, што ў большасьці выпадкаў ягоныя вершы зусім не прызначаліся для сьпеваў. «Але бяз музыкі паэзіі не бывае. Яна жыве ў нашым слове, у кожным гуку роднае мовы. Дарэчы, яна гучыць і ў прозе. І кампазытар, як спэцыяліст, яе адчувае больш дакладна, больш тонка, чым чытач і нават сам паэт», — казаў спадар Генадзь.

Вашай увазе — топ-12 абраных песень на словы Генадзя Бураўкіна.

1. Верасы «Завіруха» (муз. — Э. Ханок, сл. — Г. Бураўкін)

Адзін з галоўных гітоў ВІА «Верасы», які на пачатку 1980-х гг. набыў усесаюзную вядомасьць. Фірма «Мелодия» выдавала гэты твор на навагодніх складанках. У арыгінале верш завецца «Сьнежная імпрэсія» й моцна адрозьніваецца парадкам радкоў. Вядома, што мэлёдыя нарадзілася ўзімку, калі Ханок ехаў з кніжкай Бураўкіна ў аўтобусе Берасьце — Менск. Дадамо, што пачуўшы менавіта сьпеў пра завіруху, бас-гітарыст «Мроі» Юрась Ляўкоў пагадзіўся зь Лявонам Вольскім ды кумпаніяй, што іхні рок-гурт мусіць сьпяваць выключна па-беларуску.

На фота: Генадзь Бураўкін у дзяцінстве

2. Верасы «Калыханка» (муз. — В. Раінчык, сл. — Г. Бураўкін)

Пад «Калыханку» Бураўкіна засынае ўжо чарговае пакаленьне беларусікаў. Яна традыцыйна завяршае найстарэйшую ў Беларусі штодзённую дзіцячую тэлеперадачу (выходзіць з 1981). Праўда, у 2008 годзе песьню паспрабавалі замяніць на іншую калыханку ў выкананьні Ірыны Дарафеевай. Але тая пратрымалася ў этэры толькі каля году, саступіўшы месца старой. «Беларускія дзеткі не захацелі зь ёй разьвітвацца», — сказаў тады паэт. Дадамо, што «Калыханка» была напісаная ім зранку літаральна за гадзіну.

3. Песьняры «Конь незацугляны» (муз. — Э. Ханок, сл. — Г. Бураўкін)

У рэпэртуары мулявінскіх «Песьняроў» «Конь» зьявіўся ў 1985 годзе. Гэта той рэдкі выпадак, калі ствараючы верш, Бураўкін сьвядома нацэльваўся на песьню. Кампазыцыя часта выконвалася на канцэртах і круцілася па радыёкропцы. Аднак у паўнавартасны альбом «Песьняроў» песьня так і ня трапіла, хаця стала сапраўдным шлягерам. Затое ў 1996 годзе паэт выдаў кнігу «Конь незацугляны», дзе сабраў свае «вершы, жарты, песьні».

На фота: Генадзь Бураўкін (краіні справа) зь Ігарам Лучанком (у цэнтры) і Віктарам Вуячычам (на дальнім пляне)

4. Валеры Дайнэка & Camerata «Зачарованая мая» (муз. — І. Лучанок, сл. — Г. Бураўкін)

Галоўным плёнам сутворчасьці  Генадзя Бураўкіна зь Ігарам Лучанком ды «Песьнярамі» сталася «Зачарованая мая». Аналягічнае імя атрымаў адзіны канцэртны альбом «Песьняроў», што пабачыў сьвет у 1983-м. Амаль праз 20 гадоў «пясьняр» Валеры Дайнэка ўключыў гэтую песьню адразу ў дзьвюх вэрсіях у свой сольны «Беларускі альбом». Па словах Бураўкіна, верш зьявіўся й друкаваўся значна раней за песьню: «Аднойчы мой сябар Ігар Лучанок „зачапіўся“ за яго. Песьня імгненна стала папулярнай».

5. Данчык & Лявон Барткевіч «Песьня аб Радзіме» (муз. — Л. Барткевіч, сл. — Г. Бураўкін)

Генадзь Бураўкін не цураўся мець стасункі зь беларускімі эмігрантамі яшчэ з канца 1970-х гг. Данчык кажа, што Бураўкін быў «годным і элегантным прадстаўніком Беларусі ў ААН у Нью-Ёрку». «Песьня аб Радзіме» была запісаная там жа, у Вялікім яблыку ў 1989 годзе. Прычым, рэдкі выпадак — аўтарам музыкі выступіў удзельнік «залатога» складу «Песьняроў» Лявон Барткевіч.

На фота: Генадзь Бураўкін у юнацтве

6. Людміла Ісупава «Матылі» (муз. — І. Лучанок, сл. — Г. Бураўкін)

«Матылі» — адна зь нямногіх песень, дзе Генадзь Бураўкін напісаў верш на музыку, а не наадварот. Той жа Лявон Барткевіч выконваў  «Матылёў» пасьля сыходу зь «Песьняроў». Але, відаць, што першай выканальніцай папулярнае песьні стала Людміла Ісупава, таксама «экс-пясьнярка». Яе запіс з аркестрам Барыса Райскага датуецца 1979 годам. Годам пазьней яшчэ адна песьня на словы Бураўкіна «Паваражы» трапіла на адзіны вінілавы міньён Ісупавай.

7. Аляксандар Рудкоўскі «Навек люблю і помню» (муз. — Ю. Семяняка, сл. — Г. Бураўкін)

У згаданым 1979 годзе выйшаў, па-сучаснаму кажучы, спліт-альбом. На адной кружэлцы прадстаўленыя сьпевы дзьвюх зорак беларускае опэры — Ніны Казловай і Аляксандра Рудкоўскага. Спадар тэнар сярод іншага выканаў узор патрыятычнае лірыкі Бураўкіна савецкага часу. Яму акампануе аркестар Міхала Казінца. Між іншым, у опэры «Кастусь Калiноўскi» Рудкоўскі выконваў ролю паўстанца Мечыслава Дарманоўскага. Запісы сьпевака цяпер лічацца рарытэтам.

На фота: Генадзь Бураўкін з Рыгорам Барадуліным

8. Сябры «Я ўдзячны лёсу» (муз. — Я. Глебаў, сл. — Г. Бураўкін)

Радок Генадзя Бураўкіна даў імя пятаму дыску-гіганту ВІА «Сябры». Кружэлка цалкам складзеная зь песень беларускіх кампазытараў на вершы беларускіх паэтаў. Праўда, на вокладцы назоў прадстаўлены ў перакладзе — «Судьбе спасибо». Цікава, што ў ВІА «Сябры», як у «Песьняроў» і «Верасоў», песень на словы Бураўкіна налічваецца як мінімум чатары.

9. Сьвятлана Ханок «Малітва» (муз. — Э. Ханок, сл. — Г. Бураўкін)

Ёсьць сьведчаньні, што ў 1994 годзе гэты сьпеў выконвалі хорам на школьных вечарох. Тады мала хто адчуваў, што «здрада й вераломства» ўжо стаяць на парозе. Першая выканаўца «Малітвы», малодшая дачка кампазытара Эдуарда Ханка ўжо шмат гадоў жыве ў Ізраілі ды зьмяніла імя са Сьвятланы на Эву.

На фота: Генадзь Бураўкін з Уладзімерам Мулявіным

10. Зьміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra «Месяц — жоўтая лодка» (муз. — Зьм. Вайцюшкевіч, сл. — Г. Бураўкін)

Творчы зьвяз Бураўкін — Вайцюшкевіч стварыў два выдатныя альбомы «Liryka» (2007) і «Варанок» (2013). Кажуць, першай плыткай паэт быў трохі шакаваны, а ідэю для другой прапанаваў сам. Сапраўдным гітом Зьмітра й Генадзя стала менавіта песьня пра Месяц. У «міжзабаронны» час яна нават трапіла ў плэйлісты камэрцыйных FM-станцыяў. Бураўкін пра свайго калегу: «Зьміцер — ня проста таленавіты, ён вельмі шчыры й сьветлы беларус. Дзейнасьць Зьмітра ў мастацтве — грамадзка важная».

11. Электропартизаны «Баллада о Че Геваре» (муз. І. Лучанок, сл. — Г. Бураўкін, пераклад — М. Дабранраваў)

Выглядае, як кур’ёз. Піцерскі гурт «Электропартизаны» ўключыў баляду пра Чэ ў свой леташні альбом «Remakes». Між іншым, лідэрам гурту зьяўляецца Вадзім Курылёў, экс-гітарыст ДДТ і «Разные люди». Зусім нясьцёбны кавэр на «Песьняроў» заняў сваё месца між песьнямі Башлачова, БГ ды Боба Марлі.

На фота: Генадзь Бураўкін зь Зьмітром Вайцюшкевічам

12. Пятро Клюеў «Асьцярожна — лістапад» (муз. — П. Клюеў, сл. — Г. Бураўкін)

Малады выканаўца Пятро Клюеў пазнаёміўся з Генадзем Бураўкіным прыкладна год таму. Узьнікла ідэя пакласьці невядомыя, неапублікаваныя вершы паэта 1970-х гг. на актуальныя для таго часу джаз-фанкавыя матывы. Частка праграмы была прэзэнтаваная 28 траўня, за два дні да сьмерці клясыка. Аранжыроўкі зрабіў квартэт City Jazz. Песьню «Асьцярожна — лістапад» Пятро зафіксаваў у студыі адразу пасьля разьвітаньня з Генадзем Мікалаевічам. Плянуецца, што цалкам альбом будзе запісаны праз паўгоду.

Варта дадаць, што творы на словы Генадзя Бураўкіна пісалі таксама такія кампазытары як Анатоль Багатыроў, Віктар Смольскі, Уладзімер Буднік, Эдуард Зарыцкі, Валянціна Сярых, Яўген Магаліф ды іншыя. А аўтарскае чытаньне Бураўкіна можна пачуць на аўдыёзборніках «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі» і «Начная чытанка-2», а таксама на «ЛітРадыё».

Спампаваць складанку памяці Генадзя Бураўкіна адным файлам на Tuzin.fm.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота — labadzenka.by i budzma.by