Раман Волазьнеў запісаў найлепшы кавэр на «Радыё Свабода» (вынікі конкурсу!)
2683 / 1
16.06.2014

Раман Волазьнеў запісаў найлепшы кавэр на «Радыё Свабода» (вынікі конкурсу!)

Названыя пераможцы конкурсу на найлепшую інтэрпрэтацыю песьні «Радыё Свабода», які праводзіла беларуская служба Радыё Свабода пры падтрымцы Tuzin.fm.

Выканаўцу найлепшага кавэру назваў лідэр гурта Ulis Вячаслаў Корань, аўтар музыкі да песьні «Радыё Свабода». Пры выбары ён вагаўся паміж вэрсіямі ад Яўгена Сіраты, гурта Recha і Рамана Волазьнева. Па выніку спыніўся на апошнім.

«Варыянт песьні прадугледжвае разьвіцьцё ад пачатку і да канца, — зазначыў лідэр Ulis. — Дастаткова прафэсійна выканана. Расстаўленыя правільныя акцэнты і настрой, якія адпавядаюць словам. Словы і мэлёдыя правільна прасьпяваныя. Тут свой падыход да аранжыроўкі і стылю выкананьня, які не зьнішчае настрой песьні, захоўваючы энэргетыку».

17-гадовы пераможца вельмі ўзрадаваўся, калі дазнаўся пра тое, што ягоная вэрсія прызнаная найлепшай: «Было цiкава спаборнічаць з такiмi моцнымi выканаўцамi i камандамі. Далейшыя пляны — пісаць музыку, аранжыроўкі і вядома, працягваць пісаць песьні на беларускай мове. Дзякуй усім за падтрымку!» Раман Волазьнеў у якасьці галоўнага прызу атрымае мікрафон кампаніі Shure.

Старонка ягонай вэрсіі «Радыё Свабода» на Tuzin.fm

Паводле галасаваньня «ВКонтакте» перамогу атрымаў Стас Шашок і яго гурт «Час лайна». Ён мае 547 з 2000 галасоў. Стас Шашок атрымае ад Радыё Свабода плэер iPod Shuffle.

Другое месца ў галасаваньні «ВКонтакте» мае Ільля Фаляжынскі з 506 галасамі. Ён атрымае ад Радыё Свабоды фірмовую флэшку з поўным архівам Бібліятэкі Свабоды.

Паводле галасаваньня ў Soundcloud перамогу атрымаў гурт «Здань». Ён атрымлівае плэер iPod Shuffle.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымліваюць фірмовыя саколкі ад Радыё Свабода.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.06.2014 / 13:43

    Дадатковая прыемнасьць да навіны: плянуецца выданьне складанкі-трыб'юту гурту Ulis. На дыск трапяць і найлепшыя кавэры ўдзельнікаў гэтага конкурсу.

  • КАМЕНТАВАЦЬ