Музычны кіраўнік «Песьняроў» зачараваўся Палінай Рэспублікай
2192 / 0
16.06.2014

Музычны кіраўнік «Песьняроў» зачараваўся Палінай Рэспублікай

Песьня «Кацярынка маладая» ў выкананьні «Песьняроў» другі раз запар перамагла ў аўдыёчарце на Tuzin.fm. Пра элемэнт нечаканасьці, а таксама пра адкрыцьцё Паліны Рэспублікі і адраджэньне фэсту «Маладэчна» распавёў музычны кіраўнік ансамблю Раман Козыраў.

У 16-м туры «Песьняры» вялі змаганьне за першае месца з дэбютантам Дзьмітрыем Нікановічам. У выніку «Кацярынка маладая» перамагла з адрывам у дзевяць галасоў. Аўтар кампазыцыі і музычны кіраўнік ансамблю Раман Козыраў прызнаецца, што навіна пра другую запар перамогу апынулася для музыкаў сюрпрызам. «Мы сачылі за лёсам песьні ў чарце як толькі яна туды трапіла, а потым неяк адпусьцілі гэтую сытуацыю. Тым больш было прыемна дазнаецца, што за нас актыўна галасавалі слухачы ды ізноў вывелі „Кацярынку“ на першае месца. А наогул хачу падзякаваць „Тузіну“ за прасоўваньне беларускай музыкі!» Музыка кажа, што адкрыў для сябе нямала цікавага ў беларускай музыцы дзякуючы нашаму чарту. З выканаўцаў ён найперш вылучае Паліну Рэспубліку, песьняй якой быў проста зачараваны. Таксама парадаваўся за посьпех Рамана Волазьнева ў конкурсе на найлепшы кавэр на песьню «Радыё Свабода». Зь ім Раман Козыраў добра знаёмы, менавіта музычны кіраўнік «Песьняроў» напісаў музыку да кампазыцыі «Сьпі, малы сакол», якая таксама ўдзельнічала ў аўдыёчарце ў гэтым сэзоне.

У час правядзеньня 16-га туру «Песьняры» мелі надта насычаны графік. На мінулым тыдні беларускія музыкі выступілі на фэстывалі прэсы ў Маскве, на Дні мэдыка ў Карагандзе ды далі вялікі канцэрт у межах 14-га фэстывалю беларускай песьні і паэзіі «Маладэчна-2014». Раман апавядае, што ансамбль падрыхтаваў цалкам беларускамоўную праграму, а да выкананьня іх песень далучыліся прадстаўнікі беларускай эстрады. «Наогул, сёлета „Маладэчна“ на пад’ёме ў пляне арганізацыі, наведвальнасьці і энэргетыкі. Было вельмі прыемна там выступаць», — зазначыў музыка.

Увосень «Песьняры» рыхтуюццца афіцыйна справіць 45-годзьдзе ансамблю, у тым ліку і выступам у межах прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры», якая адбудзецца 12 верасьня ў клюбе Re:Public.

Tuzin.fm