А хто там ідзе
8844 / 0
09.09.2014

«А хто там ідзе?» — Dzieciuki! (аўдыёпрэм'ера!)

Гурт Dzieciuki запісаў для праекту «Re:Песьняры» песьню «А хто там ідзе» на клясычны верш Янкі Купалы, які па-ранейшаму надзвычай актуальны.

Песьня «А хто там ідзе» ў выкананьні «Песьняроў» лічыцца рарытэтнай. Яна афіцыйна не выдавалася і была запісаная для мастацкага фільму «Раскіданае гняздо» рэжысэра Барыса Луцэнкі, які пабачыў сьвет у 1982 годзе на 100-годзьдзе паэта. Мулявін неаднойчы казаў, што Янка Купала — яго самы ўлюбёны паэт, які адкрыў для яго беларускі сусьвет. Таму на яго вершы ствараліся ня толькі асобныя вершы, але і цэлыя цыклі. Арыгінальную музыку да гэтай песьні напісаў славуты кампазытар Сяргей Картэс, на той час галоўны музычны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Сяргей Альбэртавіч даў асабісты дазвол на выкарыстаньне кампазыцыі ў праекце «Re:Песьняры».

Менавіта за пераасэнсаваньне гэтага сьпеву ўзяўся фольк-панк гурт Dzieciuki. У іх інтэрпрэтацыі з дудой і акардыёнам яна набыла маршавую афарбоўку. «Нам падаецца, што яна пасуе пад наш імідж, калі так можна казаць. Нам прыйшлося папацець, бо песьня вельмі складана арынжыравана! У нашым варыянце яна выйшла качова-маршавай, даволі цяжкой і не зусім уласьцівай для нас у музычным пляне», — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. Музыка прызнаецца, што ў часы сваёй панк-маладосьці ўспрымаў «Песьняроў» за афіцыйны гурт, творчасьць якога яго зусім не захапляла. Але зь цягам часу зьмяніў сваё стаўленьне: «„Песьняры“ — гэта ня толькі візытоўка Беларусі, але сапраўды Зьява зь вялікай літары! З музычнага пункту гледжаньня гэты гурт дакладна на дзесяць галоваў вышэй за ўсялякія „Верасы“ і „Сябры“. Плюс яны, у адрозьненьне ад вышэй пералічаных, заўсёды стараліся дыстанцыявацца ад улады і займацца менавіта музыкай».

«А хто там ідзе» можа ўвайсьці ў сталы канцэртны рэпэртуар гурта. Музыкі мяркуюць, што ўжывую яна будзе больш харавой, бо словы гэтай песьні павінен ведаць кожны беларус.

Dzieciuki — А хто там ідзе (музыка арыгіналу Сяргей Картэс, словы Янкі Купалы, апрацоўка 2014 году гурта Dzieciuki). Зьмяшчаецца з асабістай згоды Сяргея Картэса.

Tuzin.fm, фота Алеся Кіркевіча

А хто там iдзе, а хто там iдзе

У агромнiстай такой грамадзе?

   ­— Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,

На руках ў крывi, на нагах у лапцях?

        Сваю крыўду.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,

А куды ж нясуць напаказ сваю?

   — На сьвет цэлы.

А хто гэта iх, на адзiн мiльён,

Крыўду несьць наўчыў, разбудзiў іх сон?

        Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелася iм,

Пагарджаным век, iм, сьляпым, глухiм?

        Людзьмi звацца.