Залілось сьлязьмі
6273 / 2
17.09.2014

«Нельга забыць». Мёртваму баліць (аўдыё)

Гурт «Нельга забыць» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Залілось сьлязьмі» на верш Максіма Багдановіча з драматычным вакалам Надзеі Процькі.

Гэтая кампазыцыя названая паводле першага радку верша Максіма Багдановіча, напісанага ў 1910 годзе. Яна ўвайшла ў апошні дыск гурта «Нельга забыць» — «Mertvets», канцэптуальнай праграмы, дзе кожны трэк ёсьць часткаю гісторыі героя. «Залілось сьлязьмі» — адзін з драматычных нумароў з дыску, невыпадкова яго выконвае Надзея Процька, вакалістка і скрыпачка (вядомая таксама з гурта Pawa). «Гэты момант на альбоме вельмі напружны. Ён сымбалізуе вызваленьне ад сьмерці, якая ўжо нібы перамагла. Толькі вось мёртваму не баліць, а наш герой усё адчувае і так востра, як ня кожны жывы», — распавядае лідэр каманды Міхал Бараноўскі. Музыка кажа, што спачатку песьня задумвалася, як «вальсок», але за аздабленьнем было вырашана зьмяніць рытміку і зрабіць такое сабе псыхадэлічнае танга, з вагнём, які выпальвае знутры. Песьня, як і ўвесь альбом, запісана і адмайстравана гукарэжысэрам Паўлам Сінілам на студыі Everest.

Міхал кажа, што цяпер гурт ушчыльную заняты падрыхтоўкай новага альбому. Пасьля даволі цяжкой эмацыйнай працы над праграмай па Багдановічу музыкам захацелася крыху адпачыць і стварыць нешта лёгкае — пра каханьне ды прыроду. Але гэтую працу вырашана было адкласьці: «Атмасфэра, што пануе колькі часу ў грамадзтве, падштурхнула да сацыяльных тэмаў, якімі цяпер гурт і заняты», — кажа лідэр «Нельга забыць».

Нельга забыць — Залілось сьлязьмі (музыка Міхала Бараноўскага, словы Максіма Багдановіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Залілось, сьлязьмі быццам, зоркамі

Неба сіняе, бязбрэжнае

Над лагчынкамі, над узгоркамі,

Над табой, маё поле сьнежнае.

 

Без канца кругом шыр халодная…

Шмат я йшоў па ёй, істаміўшыся;

Але вось пачуў сэрца роднае,

Ўраз пачуў, душой зь небам зьліўшыся.

 

Грудзі ўпалыя распраміліся, —

Ты ня страшна мне, поле чыстае!

Нада мной сьляза пакацілася

Ўніз, гарачая і агністая!

КАМЕНТАРЫ: