Дай мне шанец
3545 / 0
22.09.2014

Павал Аракелян. Першы аўтарскі трэк па-беларуску (аўдыё)

Адзін з самых яскравых беларускіх джазмэнаў прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню з свайго сольнага праекту «Дай мне шанец» — першы беларускамоўны твор, напісаны цалкам самастойна.

Павал Аракелян пачаў працаваць зь беларускамоўным матэрыялам тры гады таму, калі запісаў музычны нарыс «Ластаўка» на вершы Ўладзімера Някляева. У сваёй сольнай творчасьці музыка зьвярнуўся таксама да паэзіі Анатоля Сыса — ён мае паўнавартасную праграму, пакуль незапісаную. Некаторыя з гэтых песень ён выконвае як сольна (і з Аленай Аракелян) падчас сваіх канцэртаў і канцэртаў Лявона Вольскага, зь якім грае разам з 2012 году. Прысьпеў час — і Павал наважыўся на стварэньне ўласных песень па-беларуску. «Дай мне шанец» — яго дэбют. Павал выканаў гэты твор разам з Аленай Аракелян, якая зь яго словаў, літаральна прымусіла яго запісаць гэты матэрыял.

«Гэта сваеасаблівы зварот да каханай жанчыны. Кожны мужчына ведае, што каханая побач дае моцы ды натхненьня, каб зьмяніць навакольны сьвет. Калі сапраўды кахаеш, табе дастаткова аднаго толькі шанцу, каб прадэманстраваць свае пачуцьці ды зьвярнуць горы», — так прадстаўляе наведнікам Tuzin.fm сваю песьню выканаўца.

«Дай мне шанец» увайшла ў сынгл з трох песень, які Павал прадставіў днямі на Tut.by. Адну зь яго песень выканаў Лявон Вольскі. «Я цьвяроза ацэньваю свае вакальныя здольнасьці, таму і запрасіў пасьпяваць людзей, якія маюць сапраўды прыгожыя галасы ­— сваю сястру і Лявона», — тлумачыць музыка. У яго нямала накідаў сваіх твораў, але пакуль атрымалася запісаць толькі тры кампазыцыі.

Цяпер музыка плянуе прадставіць кліп на ангельскамоўную кампазыцыю свайго праекту «Аўтсайдэры» ды рыхтуецца да вялікіх канцэртаў разам зь Лявонам Вольскім у Бэрліне і Вільні.

Павал Аракелян (пры ўдзеле Алены Аракелян) Дай мне шанец (музыка і словы Паўла Аракеляна). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Дай, дай мне шанец зразумець,

Што я цябе кахаю кожную хвіліну.

Дай, дай мне шанец зразумець,

Што я гатовы ня цябе глядзець безь перапыну.

Дай, толькі дай, цябе малю шанец гэта зразумець

 

Дай, дай магчымасьць мне адчуць,

Што я гатовы любавацца на цябе штодзень.

Дай, дай магчымасьць мне адчуць,

Што калі побач ты, то сыйдуць цені

Дай, толькі дай, цябе малю, дай магчымасьць мне адчуць

 

Дай, дай мне падставу для таго,

Каб кожны раз жадаў цябе як у першы раз

Дай, дай мне падставу для таго,

Каб сарамліва чорт хаваўся гледзячы на нас

Дай, толькі дай, цябе малю, толькі дай падставу мне