Коска
6583 / 0
26.09.2014

Zeman. Калі ставіцца «Коска» (аўдыё)

Рэпэр Zeman прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm трэк «Коска», які перадае ўвесь сэнс яго аднайменнага альбому.

У выпадку альбому «Коска» спачатку было слова. Zeman вырашыў так назваць альбом, ня маючы яшчэ песьні. «Я напiсаў тэкст i доўга ня мог вызначыцца зь яго назвай, а потым падумаў, што калi трэк атрымоўваецца такi моцны, дык чаму б яму ня быць загаловачным? Коска — гэта ўвогуле сымбаль працягу жыцьця, яго няспыннасьцi, дык i гэты трэк ён такi пра ўсё адразу. Тут табе i пра эмiграцыю, i пра ўсеагульны заняпад, i пра нежаданьне большасьцi людзей думаць, i пра тое, як часам па-дурному мы марнуем час. Але ж заўсёды ёсць шанец штосьцi зьмянiць, пакуль ты можаш думаць i дзейнiчаць. Вось яна i коска — а ты вырашай, што напiсаць пасьля», — распавядае выканаўца. Музыку для «Коскi» зрабiў Максiм Элем, бiтмэйкер зь Менску, які супрацоўнічаў з Зэманам і ў ранейшых альбомах. На скрэтчах Dj Tech Masta Dee яго ведаюць як удзельнiка гурта Rili Dope.

Зэман заўважае, што ў гэтым трэку ды і на ўсім альбоме яму хацелася абысьцiся без палiтыкi, бо існуе стэрыятып пра беларускамоўную музыку як зьяву палiтызаваную. «А хiба насамрэч так? — пытаецца выканаўца. — Музыка гэта толькi прылада ў руках таго, хто ёю займаецца».

У прадмове да рэлізу, выканаўца піша пра сэнс і зьмест сваёй «Коскі»: «У жыцьцi няма нiчога немагчымага, немагчыма толькi адное — спынiцца. Бо бяз руху не iснуе самога жыцьця. Таму кожнае дасягненьне, кожны правал, кожная падзея — гэта ня кропка, гэта толькi коска, за якой хаваецца шмат новых старонак цiкавай i захапляючай аповесьцi пад назвай жыцьцё. I калi мы зразумеем гэта, то здолеем нарэшце шчыра ўсьмiхнуцца. Бо насамрэч анiякай Кропкi не iснуе, ёсць толькi Коскi»...

Zeman — Коска (музыка Максіма Элема, словы Зэмана). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

У якiх падездах я губляю лепшы час у сваiм жыцьцi,

Пара iсьцi, душа шукае выйсьце для нянавiсьцi,

Я бачыў столькi непрыемных сцэн,

Што трэба дэкарацыi зьмянiць, а я баюся зьменаў,

Мне сорамна й агiдна я напэўна такi ж самы,

Як i тыя, што прадаўшы мозг слухаюць рэкляму,

Нас павядуць у лепшы сьвет i мы памрэм у дарозе,

Самi нi на што ня здольныя, як мухi на марозе,

Гляджу на аднагодкаў згодных на любыя казкi

Толькi б iм ня думаць галавой, замест твару маска

Тутэйшых Гаяў Фоксаў не хвалюе ўжо нiчога

Акрамя прыгожых аватарак. Бутэлька рому

На пятнаццаць чалавек ля куфра нябожчыка

Сьлёзы па шчакох лязом, i толькi б не было iм горш, чым зараз.

I пра адданасьць могуць не брахаць,

Бо калi ты не ненавiдзеў, то куды табе кахаць?

 

Шчасьце ня мераюць у квадратных мэтрах i далярах,

Так шкада сяброў, што прынесўлi iм сябе у ахвяру,

Ня так дауно я iх праводзiў на цягнiк у Маскву

А зараз сустракаю на вакзале. А на iх месца ў пастку

Трапляюць маладзейшыя на два гады,

I потым усё спачатку каму туды, каму сюды.

Там сапраўды нэонавы агонь, ды ён халодны,

З той нагоды пэўна, што яго сваяк агонь балотны,

Хто вызначае кошт перакананьням,

Прадае гуртом свае надзею, веру i каханьне.

Таксама звыкла, як па грамах набывае спайс,

I посьцiць сваю дупу ў Instagramе, бо на ўсё ёсьць прайс.

Але чаму тады яны жалосна так галосяць

Калi атрымаюць у тэрмiн суму лiчбаў 3 2 8?

I пад птушыным вокам можа быць сiняк

Хай будзе так, як будзе, але можа быць што будзе абыяк.

I нават двойчы два не заўжды чатыры,

Не заужды ўсё менавiта так, як нас раней вучылi,

Вось праз такiя шчылiны i лезуць пацукi,

Пакуль мы сьпiм яны нам ледзьве чутна абгрызаюць рукi.

Але ўсё ж добра, прымроiўшы кватэру ў Менску,

Турцыю пяць зорак ды аўто ты не пачуеш пiску

Шэрых ворагаў ля ног, а зь iмi чорная чума

Забясьпечыць сьвет наступным днём, у якiм цябе няма

Я ведаю, што мае мары спраўдзяцца наўрад цi,

Я перакажу iх як хваробу свайму дзiцяцi,

Той напэўна ўнукам i калi парвецца той ланцуг

Усе здабудуць волю. Нажаль, сыстэма так працуе

Месца тут для валацуг няма, схаваўшыся пад коўдрай

Дзецi хворыя чытаюць, што наш сьвет нiбыта добры,

Але ня ўсё заўсёды так як нас раней вучылi…

Коска. Зэман. Менск. Два. Нуль. Адзiн. Чатыры.

Тэгi: