Калыханка
2244 / 0
10.11.2014

«Калыханка» ад «Сьцяны»

У першым туры ў музычным сэзоне 2007/08 берасьцейскі гурт «Сьцяна» прадстаўляе сваю сьвежазапісаную песьню пад назвай «Калыханка», якая ўжо стала ўвайшла ў канцэртны трэк-ліст каманды. Менавіта гэты твор «Сьцяна» выконвала на леташняй «Рок-Каранацыі».

Новых песень ад берасьцейцаў сапраўды зачакаліся. «Калыханка» якраз увойдзе ў новую праграму «Сьцяны», якую музыкі зьбіраюцца запісаць ужо ў гэтым годзе. Але сама песьня ня новая - яна гучала яшчэ на мінулай «Рок-Каранацыі». «Гэты трэк - рэпэтыцыя запісу альбому. У ёй мы вырашылі паэкспэрымэнтаваць ды скарысталі сынтэзатар. На наш погляд, атрымалася ўдала», - кажа лідэр «Сьцяны» Андрусь Клімус. Бэк-вакал у гэтым творы дапамагла запісаць Оля Fix, берасьцейская сьпявачка.

Што да тэмытыкі твору, то Андрусь зазначае, што песьня не зусім характэрная для гурта: «Калі трошкі спрасьціць, яна пра адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай. Але што ўжо тыпова - трошкі „загружаны“ сэнсава тэкст, пабудаваны на пэўных асабістых уражаньнях. Гэта пакідае адчуваньне недасказанасьці, а значыць дазваляе слухачу дадумаць недасказанае самастойна. Што мы і прапануем усім зрабіць».

Бліжэйшы жывы выступ гурта - на фэсьце «Права быць свабодным».

Сьцяна - Калыханка (музыка і словы гурта).Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

SB, ТГ (з архіву 5.09.2007)

Калыханка

Словы А. Клімуса

Музыка Sciana

 

Няхай задумлівы ліхтар

Табе сьпявае калыханку,

Каб пяцьдзесят няўлоўных мар

Змагла ты адшукаць да ранку,

Вярнуць напаўзабыты сон бязважкай згадкай пра сустрэчу.

Я выбіраю “савін’ён”, я не планую гэты вечар.

За небакраем кожны раз 

Мы сустракаем сем анёлаў.

Яны ўсьміхаюцца ў адказ,

Бо мы з анёламі знаёмы.

Мы марым быць яшчэ хутчэй, няіснага ўбачыць здані,

Сустрэцца позіркам вачэй з усімі створанымі намі.

Ты будзеш небам,

Я буду ў небе – 

Госьць.

Шкада, што неба – 

Ёсьць.

Сьвет засакрэчаны ў некалькіх словах,

Некалькіх словах нечай размовы,

Нечай размовы на некалькіх мовах –

Сьвет засакрэчаны ў некалькіх словах.

Ты будзеш небам,

Я буду ў небе – 

Шлях у бязважкай і белай прасторы,

Белай прасторы, знаёмай і новай,

Знаёмы і новы, разам паўторым – 

Шлях у бязважкай і белай прасторы.

Ты будзеш небам,

Я буду ў небе – 

Госьць.

Тэгi: