Нулявыя
4571 / 0
24.10.2013

Апошняя сьветлая песьня Yellow Brick Road

Yellow Brick Road прадстаўляюць у першым туры аўдыё-чарту на «Тузіне Гітоў» свае «Нулявыя» — адзіную беларускамоўную песьню ў сваім рэпэртуары. Яна стала апошнім творам у «сьветлым» пэрыядзе каманды Яна Максімовіча.

«Нулявыя» зьявіліся на сьвет дзякуючы ініцыятыве «Эўрарадыё», якое абвесьціла конкурс на найлепшы беларускі пераклад адной з самых яскравых песень гурта Yellow Brick Road«30’s». «Трыццатыя» пераўтварыліся ў «Нулявыя» ў выніку працы паэта Алеся «Байсана» Плоткі, чый тэкст быў прызнаны найбольш вартым. Лідэру гурта Яну Максімовічу такая інтэрпрэтацыя яго творчасьці вельмі спадабалася. Ён выказаў меркаваньне, што кожная каманда зь Беларусі, нават калі яна не сьпявае па-беларуску, мусіць мець прынамсі адну песьню ў рэпэртуары на роднай мове. 

«Нулявыя» Yellow Brick Road сыгралі ўжывую толькі аднойчы — на сваім канцэрце ў Эстоніі. Ян яе прадставіў адмысловым чынам. Магчыма, яна б увайшла ў сталы рэпэртуар гурта, але падчас працы над новым альбомам «Futurumental» музыкі перагледзілі свой музычны канцэпт і адмовіліся практычна ад усіх ранейшых песень на карысьць сьвежых. Папярэдні пэрыяд творчасьці яны называюць «сьветлым», а цяперашні — «больш змрочным». «Тое,што мы робім цяпер зусім непадобна да ранейшага. Разглядаю такую акалічнасьць, як прызнак таго, што мы пасталелі, хоць я пэўны, што пры канцы ўсёй гэтай цямрэчы кожны здольны разгледзіць пробліск сьвятла», — кажа Ян. 

Цяпер гурт «шукае сябе ў касьмічна-музычнай прасторы» і рыхтуецца да вялікага сольнага канцэрту ў Менску. На жаль, ён быў перанесены зь верасьня на сьнежань, у сувязі з тым, што адзін з удзельнікаў гурта сур’ёзна захварэў і трапіў у шпіталь.

SB, «Тузін Гітоў»

Yellow Brick Road — Нулявыя (музыка гурта, словы Байсан). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.