Дзевяты плач
1215 / 0
15.01.2015

"Дзевяты плач" ад Вайцюшкевіча зь Някляевым

Зьміцер Вайцюшкевіч прадставіў 9 траўня 2006 году на "Тузіне Гітоў" свой новы твор, які завецца "Дзевяты плач".

Песьня напісаная на верш Уладзімера Някляева. Выканаўца яе запісаў для альбому на вершы паэта "Танга з ружай" (2006). 

Дзевяты плач

 Калі з вайны вярнуліся салдаты:

“Дайшлі, – сказаў ім маршал. – Дажылі.

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.

Віна вайны, і жах яе, і страты

На мне адным, бо вы за мной ішлі.

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.

Кідайце зброю і стаўляйце хаты,

Бярыце баб, каб роду не зьвялі.

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі”.

“Пра што ён кажа? – думалі салдаты. –

Пра што ён плача?!. Мы перамаглі!..”

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ нам доўга плакаць на зямлі.