Муза
3936 / 2
24.10.2013

Bigi&Байсан: «У нас няма права на брахню ў гэты цікавы час»

Гомельскі выканаўца Bigi прадстаўляе ў першым туры аўдыё-чарту на «Тузіне Гітоў» песьню «Муза», напісаную на верш свайго суседа па «квадраце» і паплечніка Байсана.

Песьня Bigi «Муза» - адна з трох, прадстаўленых на дэбютным ЕР гомельскага выканаўцы  – Quadromania. Міньён цалкам напісаны артыстам на словы Алеся Плоткі (aka Bajsan). Гомельская мясцовасьць, вуліца Косарава, адкуль паходзяць Бігі з Байсанам, мае ў народзе простую назву – «квадрат». Хлопцы вырашылі зафіксаваць свой рэспект да роднай вуліцы.

«Муза»  - адзіная з дэбютнага міні-альбома, дзе музыка падабраная пад гатовы тэкст, а не наадварот. «Я сядзеў на рэпетыцыйнай кропцы падчас рэпы чарговага гомельскага мэтал-кор гурта і шукаў адпаведны тэкст для гатовай мэлянхалічнай песьні. На той момант была ўжо запісаная у парадку «тэкст на музыку» песьня «Musi mieć» і я вырашыў проста пакорпацца ва ўжо існуючых тэкстах Алеся. Шукаць доўга не давялося, бо «Муза» падыйшла адразу. Так жа, як ён «ловіць» мае мэлёдыі, калі піша, так і тут супалі зьмест і форма. Думаю, гэтак сталася не апошні раз, бо тэксты ў запасе ў калегі ёсьць», -  расказаў пра стварэньне свайго твору Bigi.

Пра будучыню праекту кажа Bajsan: «Будзе альбом з твораў рознай стылістыкі. Зараз пішацца раггамафін-дабстэп біяграфія і падбіраюцца розныя выкананьні блюзу пра Іваныча, мэнэджара Gods Tower і таксама нашага суседа. Прынцыповая для нас толькі адна пазіцыя - праца ня будзе весьціся па шаблёну «гурт А + піяршчык Б = піпл хавае Г». Нам такое нецікава. Наша мэта – максымум шчырасьці перад самімі сабой у кожнай ноце і ў кожным слове. Зараз цікавы час – за лякаматывам адраджэньня беларускага стод-року, які цягне гурт Re1ikt, ёсьць энергія, падобная да Ulis пачатку 90-х. Права на брахню ў гэты час у нас проста няма. Чакайце на новыя песьні. Шчырыя і простыя».

Tuzin.fm

Bigi – Муза (музыка Bigi, словы Байсан). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы. 

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    07.11.2013 / 13:11

    Безумоўна цікавы экспэрымэнт атрымаўся ў Bigi. Каб хапіла імпэту на поўнавартасны дыск!

  • Siarhei Balakhonau
    Siarhei Balakhonau / адказаць
    08.11.2013 / 00:27

    Мне больш іх "Nowy status" падабаецца. Але раз у чарце гэтая песня, то галасую за яе:)

  • КАМЕНТАВАЦЬ