Выхлап
2743 / 0
25.01.2015

«Тлушч». Усё дзеля выхлапу (аўдыё)

Гурт «Тлушч» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Выхлап», з дапамогай якой паведамляе пра сэнс свайго існаваньня.

«Усе робяць гэта дзеля выхлапу», — кажа Паша Белы, вакаліст гурта «Тлушч». Пад «выхлапам» ён мае на ўвазе аддачу і зваротную сувязь з слухачом. «Канечне, усе чакаюць, што нехта падпяе іхнія сьпевы, ці затанчыць, ці хаця б падрыгае нагой. І дзеля гэтага варта шмат часу марнаваць у пыльным гаражы, недасыпаць і запусьціць працу і вучобу. Але няхай гэты выхлап і шкодны, мы так чакаем на яго і, калі ён прыходзіць, ўдыхаем з удзячнасьцю», — такія думкі натхнілі Пашу на стварэньне песьні.

У пошуках гэтага самага адчуваньня музыкі нядаўна выправіліся ў Эўропу з канцэртамі, на сваю рызыку. «Тлушч» выступіў у Браціславе, Варшаве, Кракаве, Нюрнбэргу і Празе. Мусіў быць яшчэ Бэрлін, але там з канцэртам ня склалася. Езьдзілі разам з гуртом «Плойка» (відэасправаздача тут) — жонка Пашы там на вакале, а сам ён на гітары падыгрывае.

«Выхлап» увайшоў у другі альбом гурта «Зорка Вэнэра». Пакуль музыкі ўзялі паўзу ў выступах, але абяцаюць вярнуцца на сцэну па вясьне. Сачыць за іх навінамі можна праз афіцыйную суполку.

Тлушч — Выхлап (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Першы крок па сьнезе рыхлым:

раптам нехта дасьць пад дыхла.

Гэта ўсё табе нязвыкла,

як і нам згаданы выхлап.

Што ж, нязвыкла, ды прыемна.

Спадзяемся, узаемна.

То, напэўна, недарэмна

мы перад публікай багемнай.

Без абеду і выходных

граем мы для вашай кодлы.

Слухай, выхлап гэта ж шкодна?

Што ты кажаш, гэта ж подла!

Бо наадварот карысны

(паглядзі амаль празрысты).

Адкаркоўвай новы Рысьлінг

і ўдыхай глыбей наўмысна.