На Марс!
5129 / 1
02.04.2015

Neuro Dubel. Марс наш! (аўдыёпрэм’ера)

Гурт Аляксандра Кульлінковіча прэзэнтуе на Tuzin.fm загалоўны трэк з свайго новага альбому «На Марс!». Музыкі заяўляюць, што гэта адзіны трэк з дыску, які мае дачыненьне да космасу, але любоў да яго перадусім.

Кульлінковіч апавядае, што першапачаткова напісаў песьню «На Марс!» па-расейску. «Але былі сумневы і родная мова перамагла», — зазначае лідэр Neuro Dubel. Песьні было наканавана стаць загалоўнай на 15-м нумарным альбоме, запісаным у найлепшых традыцыях каманды. Песьні зь яго яднае гранічная шчырасьць, напор, энэргетыка і …касьмічнасьць. «Тэма космасу нам ніколі не была абыякавай, прысутнічае яна і на новым альбоме, няхай толькі ў адной-адзінай песеньцы. Затое любоў да яго ў нас неймаверная і яна назаўжды!» — кажа Аляксандар.

У тэксьце песьні «На Марс!» ён ужывае наватвор — дзеяслоў «рушымся». «Доўга ня мог падабраць неабходнае слова ў прыпеве і вырашыў скарыстаць новае. Мне яно здалося дужа зараджаным энэргетычна — выходзіць сумесь дзьвюх словаў і двух сэнсаў — „рухаемся“ ў сэнсе беларускага „рушым“ ды „обрушаем“ у сэнсе расейскага „рушим“, няхай мяне даруюць за гэта знаўцы абедзьвюх моваў», — кажа Кульлінковіч.

Уся новая праграма гурта вытрыманая ў такой жа стылістыцы — бадзёрага панк-року. Пераважным чынам кампазыцыі хуткія. Вядома ж, ёсьць і традыцыйны кавэр ад Neuro Dubel. У альбоме «На Марс!» гэта песьня «Рок-н-ролл мертв» гурта «Аквариум». Жывую прэзэнтацыю альбому Neuro Dubel праводзіць 10 красавіка ў Re:Public.

На Tuzin.fm кампазыцыя «На Марс!» прадстаўляецца ў фінальным выглядзе.

Neuro Dubel — На Марс! (музыка гурта, словы Аляксандра Кульлінковіча)

Tuzin.fm, фота Аляксандра «Tarantino» Ждановіча

Патрапiла ў добрае месца

Нашае шалёнае сэрца

Неба нам шлях абяцае

Манiць, мы пакуль што трываем

 

Але… Мы…

Але… Мы…

Рушымся на Марс!

 

Мы падтрымаем паэтаў

Якiя сьпявалi пра гэта

Лiтары лунаюць у буквары

Гэтай ранiцаю мы

 

Мы iдзем на Марс!

 

Партвэйн, ежа не для ўсiх

Але зоркi разьлiваюць на траiх

I вось iдзе, хiстаецца бычок

Урэшце рэшт ушасьцярох

Рушымся на Марс!

КАМЕНТАРЫ:

  • RWD / адказаць
    02.04.2015 / 15:12

    Цікава, што слова «рушымся» сустракаецца яшчэ ў Багдановіча ў 1910 годзе: https://be.wikisource.org/wiki/Рушымся,_брацьця,_хутчэй…
    Так што не зусім і наватвор. :)

  • КАМЕНТАВАЦЬ