Гаснуць
3514 / 0
29.04.2015

Yamaya. Памерці, каб танчыць (прэм’ера!)

Гурт Yamaya прэзэнтуе на Tuzin.fm самотнік «Гаснуць», у якім адлюстраваная хаатычная і трывожная прыгажосьць сьмерці і адраджэньня.

Свой новы самотнік музыкі называюць «сюрэалістычна-постапакаліптычным трылерам». «Нашыя тэксты нараджаюцца спантанна і яны выключна псыхалягічныя», — сьцьвярджае вакаліст каманды Яўген Булава. Ён кажа, што адметнасьць трэку «Гаснуць» у тым, што зьвядзеньне музыкі было скарыстанае імі як інструмэнт самавыяўленьня. Yamaya імкнуліся адлюстраваць хаатычную і трывожную прыгажосьць сьмерці і адраджэньня. «Канцу ж няма, бо кожны канец — гэта пачатак нечага новага», — кажа Яўген пра ідэю свайго твору.

Кампазыцыя «Гаснуць» увойдзе ў першы альбом каманды. На задуму музыкаў ён будзе часткай тэтралёгіі — чатырох дыскаў, якія зьвязаныя між сабою. Але канцэпцыю Yamaya пакуль не раскрываюць, просяць пачакаць. Да гэтага музыкі прэзэнтавалі ўжо дэма-сынгл «Спроба пяра» і далі дэбютны сольны канцэрт он-лайн. Cачыць за навінамі можна праз афіцыйную суполку каманды.

Прэзэнтацыя на Soundcloud

Yamaya — Гаснуць (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды гурта.

Tuzin.fm

Сабака засынае пад калыханку часу, ён засынае

І дрэвы абдымае ў эйфарыі цішыня, усё замірае

Так кожны раз апошні, пасьпей сабраць, што назьбіраў, спатканьне хутка.

Я паміраю, зоркі гаснуць, мы танчым

Ты паміраеш, зоркі гаснуць, мы танчым

Ён памірае, зоркі гаснуць, мы танчым

Усе паміраюць, зоркі гаснуць, мы танчым