Працоўны чацьвер
2975 / 0
07.11.2013

Працоўны чацьвер

Праект Lunclan прадстаўляе ў новым туры на ТГ свой сьвежы гіт пад назвай «Працоўны чацьвер». (архіў 27.05.2008)

Трэк «Працоўны чацьвер» хлопцы стварылі летась у кастрычніку. «Мы – рэп-гурт, але ў гэтым творы мы паспрабавалі сумясьціць рэп і рэгі. На нашую думку, атрымалася добра». Lunclan прысьвячае гэты трэк усім, хто жыве ў вялікім горадзе: «Тым людзям, хто мітусіцца штодня, з дому да працы, з працы дадому. Тым, хто па паўгадзіны стаяць у корках. Гэтым трэкам мы хацелі сказаць, што кожны з нас чалавек, а ня робат і кожны з нас мае права на адпачынак у незалежнасьці ад часу. Мы ўпэўненыя, што калі людзі будуць слухаць гэты трэк у гадзіну пік, то іх настрой заўважна ўздымецца».

Неяк у інтэрвію ТГ удзельнікі праекту так патлумачылі, чаму іх у гурце так шмат: «Справа ў тым, што нашая музыка складаецца на аснове гучнага крыку. І значна прасьцей падняць людзям настрой, калі на сцэну вывальваюцца ўсе 10 чалавек замест аднаго і пачынаюць чытаць. І нам весела і слухачам паглядзець цікава. Гэта заводзіць. Да таго ж, калі табе адзін чалавек расказвае пра свае палітычныя погляды і пра тое, як трэба жыць, то ты наўрад ці яму паверыш, а калі некалькі, то ты адчуеш больш даверу, маўляў такіх многа, ужо ня страшна. Усё гэта трошкі псыхалягічныя рэчы, на якія мы таксама стараемся зьвяртаць увагу. А ўвогуле, хочацца рабіць сапраўды якасную музыку, каб з нас бралі прыклад і ў астатнім».

Lunclan - Працоўны чацьвер (словы і музыка - Макс Корж, сэмпл – Боб Марлі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm