Клёва касманаўту
4909 / 0
11.11.2013

UltraВожык паўстае супраць касманаўтыкі

У новы 2010 год нечаканы падарунак слухачам зрабілі знаныя кансьпіратары Пётар Адамавіч, Яўген Шафа-Ўругвайскі і сабачка Ібрагім з UltraВожыка, выдаўшы новую песьню з аптымістычнай назвай «Клёва касманаўту!».

«Клёва касманаўту!» працягвае касьмічную тэматыку, пачатую ў ранейшай песьні гурта — «Спадарожнік». Здаецца, што гурт усур’ёз зацікавіўся дасягненьнямі сучаснай навукі. «Зразумела, мы ня можам заставацца ў баку ад сучаснасьці. Мы з вамі жывем як-ніяк у век высокіх тэхналёгіяў, калі калькулятар, тэлебачаньне і магнітафон — звычайная зьява, калі ў кожнага ёсьць інтэрнэт-эксплорэр, ворд і пуск», — кажуць музыкі.

Відаць што, новая песьня — самая пазвтыўная, што «вожыкі» зрабілі да гэтага часу. Але самі музыкі ня згодныя: «Нас заўсёды няправільна разумеюць. Спачатку казалі, што мы быццам ня любім палітычны лад, афіцыйныя СМІ, манаполію — ледзьве ня ўсю краіну разам з жыхарамі і хатнімі жывёламі», — кажа Пётар Адамавіч. «Потым хтосьці вырашыў, што UltraВожык натхніўся пазытывам і пачаў запісваць аптымістычныя песьні. Настаў час рашуча і катэгарычна абвергнуць гэтую дэзінфармацыю», — з выразам дадае Яўген Шафа-Ўругвайскі.

За ідэю і настрой песьні адказныя Пётар Адамавіч і Яўген Шафа-Ўругвайскі, якія паспрачаліся з сабачкам Ібрагімам, цягам доўгага часу вывучалі абставіны знаходжаньня Белкі ды Стрэлкі ў касьмічнае прасторы летам 1960 году. У выніку яны прыйшлі да высновы, што нічога цікавага гэтыя так званыя касманаўты ў космасе за два дні не зрабілі, і ніякага гістарычнага інтарэсу не ўяўляюць. «Вожыкі» ўвогуле выступаюць супраць касманаўтыкі: «Мала таго, што лятаюць у ракеце і гуляюць у бязважкасьць увесь дзень, як дзеці малыя, — і гэта, заўважце сабе, у час сусьветнага эканамічнага крызісу, замест таго, каб як нармальныя чэсныя людзі працаваць на заводзе», — пачынае Яўген, а Пётар працягвае: «Дык яшчэ і зрабілі зь іх герояў. Толькі прыйдзе такі на дыскатэку, ці, скажам, у краму за бульбай — і ўсе адразу ад каханьня паміраюць, за аўтографам у чаргу лезуць. Гэтаму мы ўсім нашым калектывам кажам гучнае „не“. На нашае меркаваньне, паміраць ад каханьня і стаяць у чарзе за аўтографам можна выключна да ўдзельнікаў UltraВожыка».

Што да музыкі, то не сакрэт, што «вожыкаў» кожны раз цягне ў новы бок. Акрамя знаёмых ужо слухачу элемэнтаў фанку ды панку ў «Касманаўце» сустракаюцца і фольк-матывы. Эксклюзіўнасьці дадае таксама і тое, што, па завярэньнях сабачкі Ібрагіма, з эфэктамі для трэку дапамаглі знаёмыя вартаўнікі з касмадрома.

UltraВожык — Клёва касманаўту! (музыка і словы — Пётар Адамавіч, Яўген Шафа-Ўругвайскі і сабачка Ібрагім).Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Тузін Гітоў, 04.01.2010

Тэгi: