Бывай.by
4590 / 0
14.10.2015

Поп-сьпявак Рэй. Поўнае пагружэньне (аўдыё)

Выканаўца зь Беларусі, які робіць кар’еру ў расейскім шоў-бізнэсе, прадставіў самотнік і кліп на сваю першую беларускамоўную кампазыцыю «Бывай.by», якая возьме ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm.

Сяргей Скуратовіч, вядомы пад сцэнічным псэўданімам Рэй, стрэліў летась спачатку ў сябе на Радзіме, а потым у Расеі. Яго танцавальныя гіты трапілі ў шчыльную ратацыю радыё і тэлеканалаў. Артыст зь Беларусі пераехаў у Маскву, падпісаў кантракт з лэйблам «Студия СОЮЗ» і цяпер рыхтуе да выданьня свой першы альбом. Над аранжыроўкай і зьвядзеньнем песень Сяргея цяпер шчыруюць саўндпрадусары, якія працуюць з тамтэйшымі зоркамі — Лазаравым, Алсу, Serebro. На чужыне выканаўца згадаў пра свае карані і запісаў самотнік «Бывай.by». Гэта яго першая песьня на беларускай мове. Да ўсяго артыст упершыню выступае ў жанры павольнай песьні.

«Я зусім нядаўна ў Расеі, але вельмі сумую па Радзіме, таму новую песьню прысьвячаю менавіта ёй. Для мяне гэты твор — аповед пра вельмі асабістыя перажываньні. Фактычна я прапаную на чатыры хвіліны пагрузіцца ў мой унутраны сьвет», — кажа Сяргей. Ён дзякуе тым, хто дапамог яму ў стварэньні гэтай кампазыцыі: Аляксею Кузьмянкову — за ўдзел у стварэньні тэксту песьні; Аляксандру Муратоўскаму — за аранжыроўку; Івану Кiлару — за партыю клявішных; Мікалаю Ягораву — за зьвядзеньне. А таксама тым, хто спрычыніўся да зьяўленьня кліпу на гэтую песьню — Максу Анацку за рэжысуру відэа і апэратарскую працу; Сяргею Каваленку — за мантаж і пост-прадакшн; Марыну Жыткову за стыль у кадры; а таксама Кірылу Троску — за прадусынг праекту.

Песьня Рэя «Бывай.by» возьме ўдзел ў трэцім туры аўдыёчарту на Tuzin.fm. У будучыні ў межах нашага відэачарту возьме ўдзел і кліп на гэтую песьню. Яго можна паглядзець на канале Tuzin.fm на Youtube. Відэа зьмяшчаецца з дазволу лэйблу «Студия СОЮЗ». Сачыць за навінамі выканаўцы можна празь яго афіцыйную старонку.

Рэй — Бывай.by (музыка Сяргея Скуратовіча, словы Сяргея Скуратовіча і Аляксея Кузьмянкова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm


Хавай хутчэй

За дзьвер усе песьні

Ня тым, ня мне

Пакінь, закрэсьлі

 

Я марыў, што назаўжды з табой

Кідаю тыя мары, проста мары

У спакой з табой

Я чую, што безь мяне з табой

Засталіся толькі ветры і кашмары

Лячу з табой

 

Давай, бывай

Шукаю выйсьце

Кідай, але толькі знай

Што побач мы дзесьці

 

Я марыў, што назаўжды з табой

Кідаю тыя мары, проста мары

У спакой з табой

Я чую, што безь мяне з табой

Засталіся толькі ветры і кашмары

Лячу з табой