Каляды
5231 / 0
24.12.2015

Алесь Дзянісаў і «Палац». Імклівае падзеньне ўверх (прэм’ера)

Вакаліст панк-фармацыі Dzieciuki Алесь Дзянісаў падрыхтаваў разам з фольк-гуртом «Палац» прыгожую калядную кампазыцыю на верш Анатоля Брусевіча.

Нараджэньне песьні «Каляды» Алесь Дзянісаў называе цудам. «Я спачатку пагадзіўся паўдзельнічаць у навагоднім праекце, а потым разгубіўся, бо тэма трошкі не мая. Вырашыў зьвярнуцца па дамогу да гарадзенскіх паэтаў. Ня ведаю чаму, патэлефанаваў Анатолю Брусевічу і ён мне прапанаваў два вершы пра Каляды, якія і сталі песьняю. Я нічога не кампаванаў: адзін верш стаў куплетнай часткаю, другі — прыпеўнай. І неяк натуральна яны адзін да аднаго паклаліся». З напісаньнем музыкі, зь яе формай і з папярэдняй аранжыроўкай Алесю дапамог Дзьмітры «Вінс» Шчэрба, які калісьці граў у гурце «КальЯн». Ён таксама ўзяў удзел у запісе песьні ў якасьці сола-гітарыста.

Гурт «Палац» дапрацаваў кампазыцыю з свайго боку, расклаў яе на галасы ды інструмэнты. Алег Хаменка кажа, што яму адразу ж спадабаўся самы першы дэма-накід, зроблены на акустычнай гітары — узрушыў глыбокі верш ды простыя і ў той жа час правільныя ў ягоным разуменьні гармоніі. «Мы нічога не дадавалі, проста сыгралі твор, як лягло, на рэпэтыцыі. Шкада, што як сьлед не атрымалася зрэпэтавацца, бо Алесь у Горадні, а мы ў Менску, асноўныя моманты прагаварылі па тэлефоне і сустрэліся ўжо толькі на запісе. Месцамі недакладна засьпяваў тэкст, але ж выйшла вельмі прыгожа, я лічу. Вельмі хочам надалей зрабіць студыйную фанаграму гэтага твору», — кажа лідэр «Палацу».

Песьня «Каляды» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна ўбачыць у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

Алесь Дзянісаў (Dzieciuki) і «Палац» — «Каляды» (музыка Алеся Дзянісава, Дзьмітра Шчэрбы і Алега Хаменкі, словы Анатоля Брусевіча)

Tuzin.fm, фота Вольгі Куваевай

Каляды. Гэты час, як вадаспад,

Які ня ў дол спадае, а ў нябёсы,

Змываючы халодных зораў россып,

I поўнi бляск, i шэры далягляд.

Віншую Бога. Адплывае страх

Перад жыцьцём самотным i цьвярозым.

I хочацца iсьцi не па дарозе,

А бегчы напрасткi, па камянях,

Каляды!

Па белай рачулцы ранка

Плывуць самаходы.

Падае сьнег.

Каляды!

Ныраю ў аблокі,

Абліты срэбрам аргана

Падаю ўверх.

Праз гэты сьнег і быць як ён — сьвятым

І сьветлым, нібы першае прычасьце,

І адчуваць на сэрцы толькі шчасьце,

І не зважаць на ўласныя сьляды.

 

Каляды!

Па белай рачулцы ранка

Плывуць самаходы.

Падае сьнег.

Каляды!

Ныраем ў аблокі,

Аблітыя срэбрам аргана

Падаем уверх.