Маладыя гады
2200 / 1
07.06.2016

Ferris Wheel: «Багдановіч кажа так, як думаем мы» (аўдыё)

Гурт Ferris Wheel прадстаўляе ў апошнім туры аўдыёчарту ў гэтым сэзоне свой новы гіт, напісаны на верш 100-гадовай даўніны.

Словы да сваёй песьні «Маладыя гады» ска-кор каманда зь Менску ўзяла ў Максіма Багдановіча. Песьня была запісаная для дэбютнага альбому «Выбар» і адразу ж зваявала сымпатыі прыхільнікаў. «Людзі прынялі на ўра гэты трэк, шмат хто казаў нам, што ён стаў іх самым улюбёным, — распавядае ўдзельнік каманды Андрусь Богдан. — Гэтыя словы нас скарылі адразу, бо адпавядалі стану душы. Паэт кажа так, як думаем мы: самае галоўнае — гэта маладосьць і не пераймайся з таго, што будзе далей. Таму і музыка паклалася на верш цалкам натуральна». У запісе трэку ўзяў удзел духавік Улад Сянкевіч («Ляпіс Трубяцкі», Brutto), які далучыўся да маладой каманды і стаў яе паўнапраўным удзельнікам.

Ferris Wheel шукае натхненьне ня толькі ў паэзіі Багдановіча. На гэтым жа альбоме сярод расейскамоўных нумароў ёсьць таксама песьня на верш Янкі Купалы «Заўсёды наперад», а таксама аўтарскі трэк «Выбар». «Пытаньне нацыянальнай ідэнтыфікацыі мы не зьбіраемся абмінаць. І паэзія таго ж Багдановіча з Купалам у гэтым нам дапамагае, бо самі паглядзіце наколькі актуальна гучаць іх вершы!» — кажа Андрусь.

Цяпер каманда рыхтуецца да жывой прэзэнтацыі альбому, якая мае прайсьці 18 чэрвеня ў клюбе «Ili» пры ўдзеле гуртоў Amaroka, «Бульбингем» ды гасьцей з Масквы Plush Fish.

Ferris Wheel — Маладыя гады (музыка гурта, словы Максіма Багдановіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Маладыя гады

Маладыя гады,

Маладыя жаданьні.

Ні жуды, ні нуды,

Толькі шчасьце каханьня.

Помніш толькі красу,

Мілы тварык дзявочы,

Залатую касу,

Сіняватыя вочы.

Гэта нашыя маладыя гады,

Гэта вашыя маладыя гады,

Усё што будзе ў цябе далей,

Не бяры да галавы.

 

Цёмны сад-вінаград,

Цьвет бяленькі вішнёвы,

І агністы пагляд,

І гарачыя словы.

Будзь жа, век малады,

Поўны сьветлымі днямі.

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі.

 

Гэта нашыя маладыя гады,

Гэта вашыямаладыя гады,

Усё што будзе ў цябе далей,

Не бяры да галавы.

КАМЕНТАРЫ:

  • Дзмітрый / адказаць
    07.06.2016 / 18:03

    Вооооо, штосьці цікавае)) нармалёва хлопцы граюць, з'явілася жаданне паслухаць ужывую)

  • КАМЕНТАВАЦЬ