Я рок-музыкант
2775 / 0
12.09.2016

Leibonik адрадзіўся, каб запісаць кавэр на «Мрою» (аўдыё)

Гурт Leibonik удзельнічае ў аўдыёчарце на Tuzin.fm з уласным прачытаньнем песьні, на якой яны вырасьлі і якая для музыкаў зьяўляецца ўзорам клясычнага беларускага року.

Першапачаткова «Я рок-музыкант» у выкананьні Башлыкевіча мусіла гучаць у бардаўскім стылі — як першы куплет. Але музыкі разышліся і вырашылі даць сапраўднага рокавага чаду. А Сяргей да ўсяго дапісаў кананічны тэкст Лявона Вольскага і Ўладзі Давыдоўскага. «Люблю сьпяваць чужыя песьні, гэта не сакрэт для тых, хто ходзіць на мае канцэрты. І гэты твор плянавалася проста перасьпяваць, але падчас запісу, калі ўжо стаяў ля мікрафона прыйшлі вось гэтыя радкі, якія па выніку прагучалі апошнім куплетам. Хацелася падвесьці вынікі для сябе самога, з чаго я сам нарадзіўся, як рок-музыкант. Будзе прыемна, калі людзі распазнаюць усё тое, што я хацеў сказаць».

Дзеля запісу гэтай кампазыцыі гурт Сяргея Башлыкевіча сабраўся наноў пасьля перапынку. Летась Leibonik быў разьвітаўся з слухачамі, але знайшлася нагода для таго, каб адрадзіцца. «Мы перасабраліся, каб запісаць неўміручы гіт гурта „Мроя“ і падаць яго на конкурс „Засьпявай 3.0“. Пакуль гэта разавы экспэрымэнт, не магу сказаць што будзе далей з гуртом. Калі ў нашай краіне стабільнасьць, то ў нашым гурце яе зусім няма», — кажа лідэр Leibonik.

Ужывую гэтую песьню Leibonik прэзэнтавалі ў жніўні на канцэрце ў галерэі Tut.by — акурат на сумесным канцэрце зь Лявонам Вольскім. Цікава, што летась кавэр на гэтую ж песьню зрабіў украінскі гурт «Жадан і сабакі».

Паслухаць песьню на Soundcloud

LeibonikЯ рок-музыкант (музыка гурта «Мроя»/Сяргея Башлыкевіча, Міхаіла Міхайлоўскага, Андрэя Барыгіна; словы Лявона Вольскага і Ўладзімера Давыдоўскага/Сяргея Башлыкевіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Я не люблю шыкоўных баляў.

Я не прыхільнік эстэцтва.

Мне не даспадобы духоўны гандаль

І талент, які прадаецца.

 

Я не люблю салодкіх сьпеваў

І песень рэстаранны варыянт.

Я з тых, хто не шкадуе свае нэрвы —

Я рок-музыкант.

 

Я рок-музыкант старых традыцый

Гэта не прызваньне, гэта пазыцыя!

 

Я супраць блакітных і залатых.

Я не выношу пустыя вочы.

Ведайце: я ня з тых,

Хто жыве па законах ночы.

 

Хай праўда заменіць паветра,

Гітара скрыгоча, як танк.

Я сабе застануся верным —

Я рок-музыкант.

               

Я рок-музыкант старых традыцый

Гэта не прызваньне, гэта пазыцыя!

 

Я не шукаю славы таннай.

Я пяю не для грошай.

Я хачу застацца салдатам,

Салдатам цяжкага фронту.

 

І нішто ўжо мяне ня зьменіць,

Думаць і граць буду толькі так.

Я хачу памерці на сцэне.

Я рок-музыкант.

 

Я рок-музыкант старых традыцый

Гэта не прызваньне, гэта пазыцыя!

 

Новае неба над галавою

Такою была дзіцячая мроя.

Маленькі ўпарты бяз Сашы Сірожа

Хацеў мець палац, дзе ўсё будзе прыгожа,

А мо Дом культуры з тузінам крамаў —

Бяз назвы хіба, бяз пэўных плянаў.

Не, гэта ня глюкі, не дэвіяцыя

Кляйна-ўліс-зэт-парцізон-нацыя!

 

Дай мне дарогу, прайду безь білету,

Мне ў вочы глядзяць песьняры ўсяго сьвету.

Забі на IQ, калі крочыш да мары,

Хай рокашу рэха плыве па абшары.

У крЫві чырвонай троіца льецца,

Рок-дзюбель разьбіў пацанскае сэрца

Такі мой музычны шэраг канстант(аў),

Зважай, дзецюкі, я рок-музыкант.