Успаміны
2209 / 0
13.09.2016

Ян Жанчак. Пра бацьку напамін (аўдыё)

У першым туры ў новым сэзоне Ян Жанчак прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Успаміны», напісаную на словы свайго таты — Барыса Жанчака.

Гэтую песьню Ян напісаў адмыслова для конкурсу «Засьпявай 3.0». Але ня дзеля спаборніцтва і перамогі. «Пачуў пра гэты конкурс і зразумеў, што гэта добры выпадак, каб нагадаць пра творчасьць свайго бацькі Барыса Іванавіча — выдатнага паэта і чалавека», — кажа сьпявак. Спадар Барыс працаваў у рэспубліканскай школе па музыцы і выяўленчым мастацтве (навучэнцы і выпускнікі завуць яе проста — «парнат»). Выкладаў там беларускую мову і літаратуру, сам пісаў вершы, але не друкаваўся актыўна — пры ягоным жыцьці выйшла толькі адна кніга паэзіі «Некалі потым» (1993).  Летась Ян разам з сваёй маці Ларысай Сімаковіч прэзэнтаваў на «Тузіне» песьню на верш Барыса Жанчака — «Гэта я».

Запіс песьні «Успаміны» супаў з пачаткам сольнай кар’еры Яна Жанчака. Трэк увайшоў у ягоны міні-альбом «Музыка супраць вайны». «Я адчуў, што маю ўжо дастаткова гадоў і досьведу, а таксама ўласных ідэяў, каб рабіць свой праект», — кажа 32-гадовы сьпявак, які пачынаў яшчэ пры канцы 80-х у фольк-тэатры «Госьціца», быў вакалістам «Песьняроў» (Леаніда Барткевіча), «Лявонаў», стварыў гурты In Search For і «Яnkey». Да канца году Ян зьбіраецца скончыць працу над акустычным альбомам, а потым перайсьці да электрычнага фармату. Сачыць за навінамі выканаўцы можна празь яго афіцыйную суполку.

Паслухаць песьню на Soundcloud

Ян Жанчак — Успаміны (музыка Яна Жанчака, словы Барыса Жанчака). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Калі ніякай хвалі

Бяскрэўная рака

Адчуе што скавалі

Павеў і воблака

Як полымя астыне

Калі настане час

Напісаны лістамі

Дасланымі да нас

 

Далёкіх успамінаў

Сьляпая каляя

Глыбока ў далеч кіне

А дзе

А дзе там я?

А там прастора думкі

Ды часу глыбіня

 

То ўбачу: у тым далёкім

Няма

Няма мяне

Я тут

Мае лятункі

Як памяць не змане

 

Зьдзіўленьнем што навокал

Зярнят не сыпане

I зоркаю-папрокам

Зірнеш ты на мяне

 

Далёкіх успамінаў

Сьляпая каляя

Глыбока ў далеч кіне

А дзе

А дзе там я?

А там прастора думкі

Ды часу глыбіня