Чырвоны дыск сонца
1855 / 0
21.09.2016

«Тутэйшыя» расчулілі Віталіка Артыста (аўдыё)

Гурт Тацяны Казановіч прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm перасьпеў гіта гурта «Без билета». Аўтар арыгіналу падзякаваў музыкам за пранікнёнае выкананьне.

Сьпеў пра «Чырвоны дыск сонца», які ў арыгінале Віталік Артыст выконвае ў дуэце зь Сяргеем Міхалком, дужа палюбілася дзяўчатам з гурта «Тутэйшыя» і яны вырашылі яе перасьпяваць па-беларуску. «Мы выконваем аўтарскія творы, але вырашылі зрабіць у дадзеным выпадку выключэньне, бо надта блізкая нам па настроі і адчуваньні гэтая тэма», — кажа Тацяна Казановіч, якая пераклала тэкст на беларускую мову. Аўтару арыгінала гэтае выкананьне прыйшлося даспадобы. «Дзякуй музыкам за пранікнёнае выкананьне на роднай мове! Рады, што песьня жыве сваім жыцьцём, здабывае новых сяброў і новыя формы», — адзначыў лідэр «Без билета».

Тацяна Казановіч сьпявала сольна, а потым разам зь сяброўкай Ксеніяй Юрэняй вырашыла стварыць гурт, далучыліся іншыя музыкі. Цяпер яны працуюць над будучым альбомам, які мае быць цалкам беларускамоўным. Спрабуюць сябе ў кантры, фольк-, поп-рок-музыцы. «Я ўпэўненая, што зрабіць свой унёсак у беларускую культуру і нечага дасягнуць можна толькі зь беларускамоўнымі сьпевамі», — кажа Тацяна.

Сачыць за навінамі гурта можна на афіцыйнай старонцы.

Паслухаць песьню на Soundcloud

Тутэйшыя Чырвоны дыск сонца (словы і музыка Віталіка Артыста, пераклад на беларускую Тацяны Казановіч).

Tuzin.fm, фота Паўла Аксіновіча

Нас вучылі піць, а мы ўмеем пець,

У вочы глядзець, ярчэй за зоры гарэць,

Усё, што прайшлі мы на вуліцы — таксама культура,

Мы дзеці спальных раёнаў Гарлема і Джайпура.

 

Прыпеў:

Дзе ў нас дом і дзе наша мяжа,

Розьніцы неба пасланцам няма,

Разьвеецца ці застанецца імя.

Сустрэнемся зь імі ля края Зямлі,

Сядзем у нябесныя іх караблі,

Заўжды будзем юнымі і маладымі.

 

У гэтай песьні такая тэма:

Першым сыходзіць вясёлы і сьмелы,

Дзіцё сонца і воін сьвятла

Трымай мацней нас плянэта Зямля.

Вядома рускаму і японцу:

Жыцьцё імчыць да чырвонага дыску сонца.

«Уставай», — кажа маці-вясна

На парозе бітвы дабра і зла.

Прыпеў

Вышэй да чырвонага дыску сонца 2 р.

Прыпеў