Горадзе наш
2018 / 0
23.09.2016

«Сон-трава». Музыка твайго гораду (аўдыё)

Гурт на чале з вакалісткай Кацярынай Гузоўскай-Гара прадстаўляе ў адмысловым «Засьпявай-туры» аўдыёчарту на Tuzin.fm песьню «Горадзе наш» на верш Насты Кудасавай.

Гэты твор гурт запісаў адмыслова для конкурсу «Засьпявай 3.0». Музыкам давялося адмовіцца  ад партыі басу, бо ўдзельнік гурта Сяргей Кунскі справіў свае 34-я народзіны (конкурс праводзіцца для музыкаў да 33 гадоў). У запісе песьні акром вакалісткі Кацярыны Гузоўскай-Гары ўзялі ўдзел гітарыст Міхаіл Міхайлоўскі і віялянчэлістка Наста Скварцова. «У песьні распавядаецца пра нейкую абмежаваную прастору, у якой як быццам бы ўсе павінны быць шчасьлівымі, але вось гэтая гарадзкая закрытасьць людзей, адасобленасьць вымушае іх пакутаваць. Хацелася б сумясьціць у музычным творы нейкую такую, амаль касьцёльную, упарадкаванасьць, акадэмічнасьць разам зь лёгкай і адначасова цяжкай „гарадзковасьцю“ ці, мабыць, лепш сказаць гарадзкой несур`ёзнасьцю хіба, павярхоўнасьцю… Надаць ёй атмасфэру гораду, які праз усю сваю шматгадовую гісторыю нясе гэтую шматлікую адасобленую энэргію. Горад, які адначасова і вабіць, і закрывае ў сабе», — гэтак прадстаўляе твор Кацярына.

«Я вельмі хвалявалася, калі дазналася, што на мой верш рыхтуецца песьня. Бывае, што складана прыняць такія творы, бо яны не супадаюць з тваім адчуваньнем. А тут супала, гэта было 100-адсоткавае трапляньне», — зазначае Наста Кудасава. «Сон-трава» і паэтка працягнуць супрацу і надалей, рыхтуецца яшчэ некалькі песень.

Што тычыць «Горадзе наш», то музыкі хочуць дапрацаваць кампазыцыю, дадаць рытм-сэкцыю. А таксама ствараць анімацыйны ролік на яе. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Паслухаць песьню на Soundcloud

Сон-трава — Горадзе наш (музыка Кацярыны Гузоўскай-Гары, словы Насты Кудасавай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Алісы Ахрамовіч

горадзе наш,

атулі, сагрэй,

але не судзі, ня важ.

закрый ад людзей,

сам стань ля дзьвярэй,

горадзе, схове наш…

дай нам дапіць гэты лёс нагбом,

смутак наш забялі,

ты ж ведаеш, горадзе,

толькі любоў

трымае мяне на зямлі.