Бона
2112 / 0
16.10.2016

Sakramant запісалі нэкралёг Litvintroll (аўдыё)

У другім туры сэзону 2016/2017 аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт Sakramant прадстаўляе песьню «Бона», якую музыкі называюць своеасаблівым нэкралёгам гурту Litvintroll.

Кампазыцыя «Бона» была напісаная неўзабаве пасьля распаду Litvintroll. Яе аўтар — басіст гэтага гурта Алесь Стаціўка, які вырашыў разам зь яшчэ адным удзельнікам «троляў» Васілём Верабейчыкавым заснаваць новую каманду. «Таму можна лічыць, што гэта своеасаблівы нэкралёг гурту Litvintroll. Настрой, які панаваў у нас у той час, знайшоў выйсьце праз гэты вобраз. Бона Сфорца — адна з самых супярэчлівых постацьцяў у нашай гісторыі. Менавіта яна, згодна зь легендай, мае прамое дачыненьне да сьмерці Чорнай Панны, што сымбалічна ў нашым выпадку. Яе жыцьцё і сьмерць зьвязаныя паміж сабой шматлікімі інтрыгамі, змовамі і таямніцамі, якія яна пакінула разблытваць сваім нашчадкам», — кажа Васіль.

«Бона» была запісаная для дэбютнага EP гурту Sakramant «Чортавы скарбы», у запісе якога акрамя Васіля і Алеся таксама ўзялі вакаліст Браніслаў Рамановіч, гітарыст Дэн Быкаў і бубнач Мікола Шаранговіч. У запісе ў якасьці бэк-вакаліста таксама паўдзельнічаў вакаліст Gods Tower Lesley Knife. Міні-альбом быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm сёлета ўлетку.

Цяпер Sakramant актыўна рэпэтуе, рыхтуе новыя песьні для невялікага туру па суседніх краінах, які адбудзецца ў лістападзе. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

Sakramant — Бона (музыка і словы Алеся Стаціўкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Хто ты? Як ты знайшла мяне?

Cкажаш, як  адшукала шлях?

Стаіш, як здань, перада мной сьцяной

Схавайся, зьнікні прэч далоў!

 

Вецер раскідаў працы плён.

Рэхам вяртаецца праклён.

Волаты забітыя,

Песьні ўсе забытыя — 

Рвецца сэрца!

 

Хто там дыхае ў цішы, крочыць за сьпіной?

Чуеш, Бона?

Морак, жах тваіх атрут клічуць за сабой.

Чуеш, Бона?