Шукай сваё
1402 / 0
06.12.2016

:B:N: шукае сваё. Вэрсія 2.0 (аўдыё)

Гурт :B:N: прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Шукай сваё», запісаную ў альтэрнатыўнай — электрычнай вэрсіі.

Менавіта гэтая песьня дала назву студыйнаму альбому гурту, які выйшаў у сакавіку 2015-га. Музыкі вярнуліся да твору, каб запісаць у іншай вэрсіі. «У першым варыянце яна была вельмі тонкай і кранальнай. Захацелася зрабіць яе альтэрнатыўны варыянт, каб былі эмоцыі, інструмэнты, драйв. Гэта вэрсія атрымалася ня горшай і ня лепшай, а проста іншай. І нам вельмі падабаецца, як яна атрымалася», — кажа вакаліст гурту Алесь Лютыч. Аўтар словаў Сяржук Машковіч кажа, што ў гэтай песьні ён хацеў паразважаць над праблемаю пошуку: «Чалавек пастаянна знаходзіцца ў гэтым стане, хоць дакладна і ня можа часам акрэсьліць чаго менавіта шукае. Затое ёсьць пэўнасьць, што гэтае нешта недзе ёсьць. І ў кожнага тут свой шлях — некаму гэты пошук прыносіць плён, а нехта так і застаецца ні з чым».

У сваіх пошуках :B:N: не спыняюцца. У іх ужо гатовая большая частка матэрыялу для новага альбому, запіс якога прызначаны на вясну-2017. 27 студзеня гурт рыхтуе незвычайны канцэрт у менскім пабе «Брюгге». Разам з музыкамі на сцэну выйдзе некалькі сьпявачак, сярод якіх Наста Шпакоўская з Naka і фіналістка «X-фактор» Берта.

:B:N: — Шукай сваё (electric version)

(музыка Алеся Лютыча, словы Сяргея Машковіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Я чамусьці заўжды паміж двух берагоў,

І куды ты нясеш мяне ветразь?

Я адзін ля вады, церазь вір я ішоў.

Глыбіня павялічвала мэтры.

 

Сваё шукай, пакуль ты ёсьць,

І адчувай, хто свой, хто госьць, толькі госьць.

 

Мая лодка плыве і калыша яе,

Я ніякіх прыпынкаў ня маю.

І ў маёй галаве велізарны сумнеў

На двубой зь ім мяне выклікае.

 

Сваё шукай, пакуль ты ёсьць

І адчувай, хто свой, хто госьць, толькі госьць.

 

Баюся стаміцца і моцы ня хопіць,

Мінуць навальніцу, як гэта маркоціць.

Але разумею — сваё я шукаю, 

Яно абагрэе я рацыю маю (я рацыю маю)

Сваё я шукаю (сваё я шукаю)

Я рацыю маю, маю, маю, маю.