Насыпаць горы
10103 / 7
09.12.2013

Беларускаму індзейцу заўсягды паўсюль нішцяк (аўдыё)

Гурт Tonqixod прадстаўляе ў 4 туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm свой новы трэк «Насыпаць горы». На яго стварэньні адбілася асацыяваньне беларусаў з амэрыканскімі індзейцамі, якое перасьледуе гадамі аўтара трэку Ўладзя Лянкевіча.

«Насыпаць горы» — першы ўцямны запіс гурта Tonqixod, які сёлета намінуецца на «Дэбют году» па вэрсіі Tuzin.fm. Трэк каштоўны як з пункту гледжаньня музычнага, так і тэкставага. Аўтар словаў Уладзь Лянкевіч кажа: «Мы стараемся рабіць шматгранныя рэчы, аб’ёмныя. „Насыпаць горы“ — гэта адна з вэрсіяў адказу на нашы, мясцовыя, бясконцыя нараканьні ды пытаньні, і трошкі на вечныя. Але, натуральна, верш, апрача таго, іранічны і сьмешны, як мы яго бачым. Гэта альтэрнатыўная канцэпцыя ўладкаваньня тутэйшага космасу і разам з тым жарт. Ну і да таго ж, на ім адбілася асацыяваньне беларусаў з амэрыканскімі індзейцамі, якое перасьледуе мяне гадамі».

Наконт таго, на якую публіку музыкі з Tonqixod разьлічваюць найперш, разважае клявішнік Макс Субач. «Скажу банальнасьць, але так і ёсьць: мы стараемся рабіць тое, што нам падабаецца. У беларускіх умовах няма сэнсу арыентавацца на нейкую канкрэтную публіку, бо і грошай не заробіш, і самому будзе брыдка. Мы — музыка для розных слаёў насельніцтва, гэта могуць быць і аматары сэнсавых тэкстаў, і прыхільнікі старога арт-року ды псыхадэлікі, і слухачы сучаснага індзі ці экспэрымэнталу — хто заўгодна. Цяпер стараемся граць на канцэртах так, каб нават самы выпадковы чалавек, які ні ў жыцьці б ня ўзяўся спэцыяльна такое слухаць, быў зьдзіўлены, зацікаўлены і ўхвальна патрос галавой».

Уладзь Лянкевіч (гітара, вакал), Макс Субач (клявішы, вакал) ды бубнач Андрэй Аляксеенка запісалі «Насыпаць горы» на дзьвюх студыях — на сваёй хатняй ды на Studio 33. Зьвядзеньнем і майстарынгам трэку займаўся Яўген Сухавей, які працаваў з Yellow Brick Road, Аkute, «Крамбамбуляй» ды іншымі знанымі беларускімі выканаўцамі.

Tonqixod — Насыпаць горы (музыка гурта, словы Ўладзя Лянкевіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

SB,Tuzin.fm

У нейкі момант, пачынаеш разумець усялякіх ацтэкаў, егіпцян і г.д.

вось што нам трэба - трэба насыпаць горы

каб нашы дзеці нарэшце пачалі нараджацца з арлінымі насамі,

а не зь кірпатымі й пляскатымі

насыпаць горы насыпаць

прадаць маёмасьць, купіць машыны, абавязкова з кузавам, рыдлёўкі,

лапаты, шуфлі, мяхі, усё для таго каб

насыпаць горы насыпаць горы

каб у нас атрымліваліся ня толькі паэты, каб сьмерць у літаратуры

напаткала ня толькі, калі кінуўся ў раку, і ня толькі таму што балота

засмокча або мароз, а яшчэ і таму што сарваўся з гары

насыпаць горы насыпаць

адну за адной, няхай гэта будзе народны рух і ніхто не кіруе ім і не зьвярае з планам, каб сыпалі няроўна, а потым можна будзе сачыць за тым як кожная зь іх атрымае імя,

як паціху некаторыя пакрыюцца дрэвамі, і людзі будуць назіраць за сваімі гадаванцамі

насыпаць горы насыпаць

а тады, трохі пазней, зьявіцца нацыянальнае сьвята – Дзень Гор,

а быць можа, цэлы тыднёвы фэст,

на які будуць езьдзіць пазырыць замежнікі,

а на гарах будзе расьці бульба і нацыянальная годнасьць

насыпаць горы насыпаць

да таго ж у праекта ёсьць прыемны бонус: тое месца, адкуль мы будзем выграбаць зямлю і каменьне для нашых гор, стане цалкам гатовым морам [назва для яго даўно валяецца бяз справы]

насыпаць горы насыпаць

забясьпечыць нашчадкаў  на стагодзьдзі прыбыткам з турызму

возьмем сябе ў рукі, падправім здабытае Стаўры і Гаўры

насыплем горы насыплем

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Sasha 1880 / адказаць
    09.12.2013 / 18:34

    Бред

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    10.12.2013 / 09:47

    А вы тэкст зірніце - ён у інфармацыі пра файл ёсьць. Тое, што падаецца трызненьнем на першы погляд, можа стаць вашай жыцьцёвай філязофіяй у будучыні:)

  • bulbanik / адказаць
    09.12.2013 / 23:35

    калі працягваць так і далей, павінна атрымацца з густам. прынамсі, гэты гурт самы нетрывіяльны з усіх што зараз прадстаўлены на тузіне.
    нават не зразумела, тут больш музычнай творчасці ці паэтычнай.
    псіхадэл дык псіхадэл

  • Aleksander Kot-Zajcau
    Aleksander Kot-Zajcau / адказаць
    10.12.2013 / 13:21

    Бадай, найлепшая з'ява ў новай беларускай музыцу за апошнія часы! ня ведаю, як астатнія, а я чакаю "лонгплэй".

  • WM / адказаць
    13.12.2013 / 15:50

    спадабаліся на "героях году". малайцы.

  • Muzagent / адказаць
    06.04.2014 / 16:23

    У Салігорск едзеш і бачыш - ГОРЫ насыпаны!
    Вось вам і шчасце...

  • Андрей Пудин
    Андрей Пудин / адказаць
    11.08.2015 / 09:01

    Моцна!

  • КАМЕНТАВАЦЬ